wd wp Пошук:

Хлеўнік

Хлеўнік, (хляўнік) - дэманалагічная істота ўсходніх славян, дух, які жыве ў хляве. Найбольш блізкі да дамавіка.

Апісанне

Як і іншыя дэманалагічныя істоты, хлеўнік большасць часу заставаўся нябачным і паказваўся толькі ў выключных выпадках. Уяўлялі яго ў выглядзе скручанага, зморшчанага худога чалавека. Хлеўнік займаў у хляве задні кут, залазіў на курынае седала, адкуль назіраў за жывёлай, падыходзячы да парога, калі жывёла выходзіла з хлява, ці вярталася туды. Хлеўнік, як і дамавік, таксама песціць і даглядае скаціну, калі яна яму падабаецца, падкідвае корму, носіць ваду, заплятае коням грыву. Масць, як і ў дамавіка, з’яўляецца вызначальным момантам у адносінах хлеўніка да жывёлы: стракатую ён не любіць заўсёды, любоў да іншых масцей у хлеўнікаў індывідуальная, а ў густах яны вельмі пераборлівыя. Калі жывёліна не падабаецца хлеўніку, то ён пачынае начамі ездзіць на ёй, выдзірае поўсць, блытае грывы коням, адсоўвае ад іх ежу і г. д. Ад такіх дзеянняў хлеўніка жывёла марнее, худзее і неўзабаве гіне.

Часцей за ўсё дзеянні хлеўніка звязаны з коньмі і каровамі, рэдка — з авечкамі і ніколі — са свіннямі і козамі. Як і дамавік, хлеўнік не церпіць казла, асабліва чорнага, каля сябе, таму чорнага казла прывязваюць у хляве, каб ад хлеўніка пазбавіцца.

Хлеўнік любіць хлеў, дзе парадак і чысціня. Калі хлеў брудны, нячысцік па большай частцы сядзіць у кутку і не даглядае жывёлу. Раззлаваны хлеўнік помсціць людзям паморкам скаціны, для чаго ён наўмысна прыносіць у хлеў заразу. Але паморак мог быць і ахвярай пры пагібелі хлеўніка. У тым месцы, дзе загінуў хлеўнік, лічылі, жывёла ўжо ніколі весціся не будзе.

Існавала мноства спосабаў пазбавіцца ад дрэннага ўздзеяння хлеўніка. Акрамя ўжо згаданага казла, як і для дамавіка, вешалі ў хляве сароку, люстэрка, выганялі яго з дапамогай грамнічнай свечкі, якую таксама вешалі ў хляве ці трымалі ў руцэ, чакаючы яго з’яўлення. Увайсці ў хлеў, дзе была грамнічная свечка, ён не мог і пачынаў шумець, не пераходзячы парог. Тады трэба было перахрысціць месца перад свечкаю і сказаць:

«Прыходзіў ён і відзіў мяне, ды злякнуўся і вярнуўся». Пасля чаго былі ўпэўнены, што хлеўнік не вернецца.

Каб пазбавіць ад пакут жывёлу, якая не даспадобы хлеўніку, яе праганялі праз жароўню з палаючымі асінавымі вуглямі, сцябаючы пасконнай пугай і прыгаворваючы словы:

«Пайшла, хіра (немач, хвароба, погань) на ўзвей вецер!»

Крыніцы

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Дэманалогія
Катэгорыя·Беларуская народная дэманалогія
Катэгорыя·Беларуская міфалогія