Харкаўскі трактарны завод (ХТЗ) — трактарабудаўнічае прадпрыемства ва Украіне.
Будаўніцтва завода пачалося ў красавіку 1930 года, галоўным інжынерам па будаўніцтве ХТЗ быў прызначаны грамадзянін ЗША Леон Сваджан. 1 кастрычніка 1931 года адбыўся афіцыйны пуск завода[2]. З моманту запуску завода па пачатак Вялікай Айчыннай вайны завод серыйна выпускаў трактары СХТЗ 15/30 і СХТЗ-НАТІ. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны на ХТЗ быў павялічаны выпуск ваеннай прадукцыі, у прыватнасці лёгкіх танкаў Т-16. З набліжэннем да горада лініі фронту, завод быў эвакуіраваны — спачатку ў Сталінград, а затым у Рубцоўск Алтайскага края, дзе на базе ХТЗ быў пабудаваны Алтайскі трактарны завод[2]. Пасля вызвалення Харкава ў жніўні 1943 года пачалося аднаўленне разбураных у перыяд акупацыі будынкаў завода, у канцы 1944 года завод выпусціў першую прадукцыю[2].
Пасля распаду СССР ХТЗ быў пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства. У 2003—2005 гадах тры разы адбылася змена ўласніка завода. У 2005 годзе ўласнікам ХТЗ становіцца Аляксандр Яраслаўскі[3]. Аднак ужо ў канцы 2007 года Аляксандр Яраслаўскі прадае кантрольны пакет акцый ХТЗ Алегу Дзерыпаску[4]. 27 красавіка 2016 года Аляксандр Яраслаўскі зноў выкупіў кантрольны пакет акцый Харкаўскага трактарнага завода[5].