wd wp Пошук:

Філон Кміта-Чарнабыльскі

Філон Сямёнавіч Кміта-Чарнабыльскі (каля 1530 — да 1587) — вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч.

Біяграфія

З заможнага шляхецкага роду Кмітаў, аселага ў Кіеўскім ваяводстве. Атрымаў добрую адукацыю. У 1562 годзе прызначаны камендантам замка Асцёр на Чарнігаўшчыне. Падчас Лівонскай вайны (1558—1583) камандаваў войскамі на ўсходняй мяжы ВКЛ. У 1566 годзе за ваенныя заслугі атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста навечна Чарнабыльскую воласць і Аршанскае староства. Ваявода смаленскі з 1579 года, намінальна, але з месца ў сенаце Рэчы Паспалітай[1]. Каля 1580 года атрымаў урад вялікалуцкага намесніка, але ў паходзе на Вялікія Лукі (1580) быў разбіты. У 1580—1581 годзе вёў ваенныя дзеянні на паграніччы з Маскоўскай дзяржавай, рабіў рэйды ў глыб маскоўскай тэрыторыі.

Збераглося 30 лістоў-данясенняў Ф. Кміты-Чарнабыльскага за 1573—1574 гады, дасланых з Оршы ў Вільню, гістарычных дакументаў эпохі, помнікаў старабеларускай літаратуры.[2] Галоўная тэма белетрызаваных лістоў — падзеі на ўсходняй мяжы, а таксама аналіз становішча ў Маскоўскай дзяржаве. Пра апошняе, як вынікае з лістоў, аўтар даведваўся праз сваіх агентаў-«шпегаў» у суседняй краіне. Ф. Кміта-Чарнобыльскі акумуляваў звесткі, апрацоўваў іх, а затым дасылаў сінтэзаваныя даклады Панам Радзе Вялікага Княства Літоўскага і найбольш уплывовым дзяржаўным асобам. Вылучаюцца лісты да троцкага кашталяна А. Валовіча, у якіх выяўленая асоба аўтара, яго індывідуальны стыль, жыццё і побыт служылай шляхты.

Філон Кміта валодаў значнымі маёнткамі ў Кіеўскай зямлі, у 1566 годзе атрымаў «на вечнасць» Чарнобыль з воласцю і ў дадатак Вяледніцкую воласць, некалькі вёсак[3], паводле памераў маёмасці Кміта займаў трэцюю пазіцыю сярод мясцовых землеўладальнікаў (1581)[4]. Сядзіба Ф. Кміты знаходзілася ў Чарнобылі, на што ўказвае прыдомак да прозвішча — Кміта-Чарнабыльскі. Лічыў сябе літвінам[5].

Памёр у 1587 годзе, пакінуў непаўнагадовых сыноў — Іерамію і Лазара, толькі Лазар дажыў да паўналецця, але памёр малады і без нашчадкаў у 1595 годзе[6]. Землі Ф. Кміты ўрэшце перайшлі да яго дачок — Сафіі і Багданы. Соф’я, жонка Лукаша Сапегі, і Багдана, жонка Юрыя Друцкага-Горскага, падзялілі бацькаву спадчыну — першая атрымала Чарнобыльскую воласць, другая Вяледніцкую воласць з некалькімі меншымі маёнткамі (Замысловічы, Ракітнае, Антонаў, Макалевічы, Вепрын, пераназваны пазней у Лукашаў)[7].

Бібліяграфія

Лісты Ф. Кміты-Чарнабыльскага ўпершыню апублікаваны ў 1844 годзе, а найбольш поўна з навуковымі каментарыямі ў 1975 годзе.

Зноскі

  1. Eberle, J. Kmita Filon Czarnobylski // Polski Słownik Biograficzny. T. 13. — Wrocław—Warszawa—Kraków, 1967. — S. 88.
  2. В. Чамярыцкі (1999)
  3. Клепатский П. Н. Очерки по истории киевской земли. Т. 1. Литовский период. — Одесса, 1912. — С. 215, 226, 227, 256, 301,310.
  4. Litwin H. Napływ szlachty polskiej na Ukrainę 1569—1648. — Warszawa, 2000. — S. 26.
  5. Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko-litewskie w latach 1569—1588. — Warszawa, 2002. — S. 107—108.
  6. BC, Zbiór Muzeum Narodowego, 863, cz. 5, k. 57; Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I—III, wyd. A. Jabłonowski // Polska XVI wieku po względem geograficzno-statystycznym. T. 9, wyd.: Źrodła Dziejowe. T. 20-22. — Warszawa, 1894. Dz. II. — S. 13.
  7. BC, Zbiór Muzeum Narodowego w Krakówie, 863/5, k. 57; Архив Юго-Западной Росии, издаваемый Временною Комиссиею для разбора древних актов. Ч. 1-8. В 34 т. — Киев, 1859—1914. Ч. 6. T. 1. Отд. 1. — С. 244—253; Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I—III, wyd. A. Jabłonowski // Polska XVI wieku po względem geograficzno-statystycznym. T. 9, wyd.: Źrodła Dziejowe. T. 20-22. — Warszawa, 1894. Dz. II. — S. 13, 205.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Ваяводы смаленскія
Катэгорыя·Нарадзіліся 19 сакавіка
Катэгорыя·Памерлі ў 1587 годзе
Катэгорыя·Памерлі 29 лістапада
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1530 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Старосты чарнобыльскія
Катэгорыя·Старосты аршанскія