У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Фадзееў.
Фёдар Рыгоравіч Фадзееў (нар. 26 чэрвеня 1926, в. Новая Мікалаеўка, Палтаўскі раён, Уральская вобласць) — ганаровы чыгуначнік, Герой Сацыялістычнай Працы (1959).
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ўральскіх казакоў. Яшчэ падлеткам вырашыў стаць чыгуначнікам, паехаў вучыцца ў чыгуначнае вучылішча. 12 чэрвеня 1943 года ён стаў памочнікам машыніста паравоза Ташкенцкай чыгункі.
У жніўні 1944 года ў складзе паравозных брыгад прыбыў у вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Брэст, удзельнічаў у аднаўленні чыгункі, разбуранай вайной, перавозках ваенных грузаў для фронту.
З 1945 года працаваў брыгадзірам лакаматыўнага дэпо станцыі Брэст, машыністам цеплавоза, з 1974 года — машыністам-інструктарам лакаматыўных брыгад. З’яўляўся адным з першых ініцыятараў ваджэння цяжкавагавых цягнікоў на Беларускай чыгунцы.
Быў дэлегатам ХХV з’зда КПБ, ХХІ з’езда КПСС.
У 1962—1965 гадах вучыўся завочна ў Брэсцкім чыгуначным тэхнікуме па спецыяльнасці «Цеплавозная гаспадарка». З 1965 года перавялі ў пасажырскі рух, вадзіў цягнікі на Кіеў, Бранск, Лунінец, Гомель. Працоўны стаж у Брэсцкім дэпо — 52 гады, з якіх 14 гадоў ён быў машыністам манеўранага цеплавоза на станцыі Брэст-Усходні.
У Брэсцкім музеі чыгуначнай тэхнікі сярод экспанатаў знаходзіцца паравоз серыі Эр-17-750-01, выпушчаны ў 1943 годзе на Каломенскім машынабудаўнічым заводзе. На гэтым паравозе старшым машыністам працаваў Ф. Р. Фадзееў.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны ІІ ступені, Ганаровай граматай ЦК ЛКСМБ. 1 жніўня 1959 года было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.