У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ляхаў.
Фё́дар Алякса́ндравіч Ля́хаў (студзень 1908, в. Моргавічы Віленскай губерні (цяпер Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці), Расійская імперыя — 1951) — савецкі беларускі дзяржаўны дзеяч, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта (1948—1951)
У тры гады застаўся без бацькі. Маці працавала чорнарабочай на чыгунцы. Працоўную дзейнасць пачаў у 1923 годзе чорнарабочым, затым слесарам майстэрняў дэпо чыгуначнай станцыі ў г. Віцебску.
У 1929 годзе быў абраны другім сакратаром Віцебскага райкама ЛКСМБ, а праз год накіраваны на вучобу ў Камвуз горада Мінска. У маі 1931 года абраны другім сакратаром ЦК ЛКСМБ.
Па рашэнні ЦК ВЛКСМ камандзіраваны ў Таджыцкую ССР, займаў пасаду памочніка начальніка палітсектара Наркамзема рэспублікі. У 1938—1939 гадах працаваў сакратаром Ленінабадскага акружкама партыі.
У снежні 1939 года яго вярнулі ў Беларусь, дзе да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў загадчыкам сельгасаддзела Баранавіцкага абкама партыі, сакратаром Жалудоцкага райкама КП(б)Б.
У перыяд вайны працаваў начальнікам палітаддзела Радзішчаўскай МТС Куйбышаўскай вобласці, сакратаром Маінскага райкама партыі Ульянаўскай вобласці.
У студзені 1944 года прызначаны сакратаром Лёзненскага райкама партыі Віцебскай вобласці, у ліпені 1944 года абраны сакратаром Аршанскага райкама партыі. З гэтай пасады ў студзені 1948 года быў накіраваны для працы старшынёй выканаўчага камітэта Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных.