wd wp Пошук:

Фрэнк Лойд Райт

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Райт.

Фрэнк Лойд Райт (сапр. Фрэнк Лінкальн Райт англ.: Frank Lincoln Wright, 8 чэрвеня 1867, Рычланд-Сэнтэр, Вісконсін — 9 красавіка 1959, Фенікс, Арызона) — амерыканскі архітэктар-наватар, адзін з буйнейшых архітэктараў Захаду 20 стагоддзя. Стваральнік «арганічнай архітэктуры» і прапагандыст адкрытага плану.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і Уільяма Расэла Райта, настаўніка музыкі і царкоўнага дзеяча і Ганны Лойд Райт, настаўніцы з уплывовай ў Вісконсіне сям’і Лойдаў. У дзяцінстве ён шмат гуляў з канструктарам «Кіндэргартэн» распрацаваным Фрыдрыхам Фробелем.

Бацькі Райта развяліся ў 1885 і Фрэнку давялося прыняць на сябе цяжар фінансавай адказнасці за маці і двух сёстраў. Ён не мог наведваць школу і вучыўся дома.

У 1885 паступіў на інжынерны факультэт ва Універсітэт штата Вісконсін, быў удзельнікам студэнцкага брацтва «Phi Delta Theta». Падчас вучобы падпрацоўвае памочнікам мясцовага інжынера-будаўніка. Ён кінуў навучанне ў 1887, аднак змог атрымаць дыплом у 1889. Райт пераехаў у Чыкага, дзе атрымаў працу ў студыі «Adler and Sullivan», якую ўзначальвае вядомы ідэолаг «чыкагскай школы» Л.Саліван. З 1890 ён выконваў усю праектную работу ў фірме. Праз сем год ён пакінуў працу ў фірме і адкрыў уласную студыю ў Чыкага. Да 1901 ён меў ужо каля 50 скончаных уласных праектаў. У гэты час Райт жаніўся на Вользе Лазовіч.

Творчасць

У 19011911 Райт праеткаваў дамы ў стылі прэрый («Prairie Houses»), якія атрымалі такую назву дзякуючы таму, што на іх выгляд мелі значны ўплыў наваколлі Чыкага. Акрамя таго, Райт надаваў значную ўвагу стварэнню канцэпцыі «адкрытага плану» для ўнутраных памяшканняў гэтых дамоў.

Для «дамоў прэрый» характэрны адкрыты план, пераважаючыя ў кампазіцыі гарызанталі, далёка вынесеныя за межы дома скаты даху, тэрасы, аддзелка неапрацаванымі прыроднымі матэрыяламі, рытмічныя чляненні фасаду каркасамі, правобразам якіх служылі японскія храмы. Асаблівая ўвага надавалася інтэр’ерам, Райт сам ствараў мэблю для іх.

Райт чэрпаў натхненне з прыроды, да сваіх прац выкарыстоўваў пераважна прыродныя будаўнічыя матэрыялы. Хаця яго творчасць адносяць да стылю «мадэрн», ён сам сябе з ім не асацыіраваў і не падзяляў захаплення функцыянальнасцю архітэктурнага мастацтва. Яго пабудовы характарызуюцца прастатой стылю і функцыянальнасці, звязанай з навакольнай прыродай, але ён не адмаўляўся і ад манументальных форм (Civic Center у Марын Каўнці, Каліфорнія).

У 1911 Райт спраектаваў уласны дом-студыю, так зв. «Таліесін» (ад імя валійскага паэта 6 стагоддзя), у наваколлі Спрынг Грын (Вісконсін). Гэты комплекс на плане меў выгляд літары «L», адзін бок якой выходзіў на возера, а ў другім размяшчалася студыя Райта. «Таліесін» двойчы згараў падчас пажараў. Сучасны будынак мае назву «Таліесін ІІІ». У 1930-х Райт спраектаваў зімнюю студыю ў Арызоне — «Таліесін Уэст».

«Дом над вадаспадам»

Адным з самых вядомых будынкаў спраектаваных Райтам з’яўляецца «Дом над вадаспадам», які быў пабудаваны ў 19351939 для Каўфмана ў Бер Ран (Пенсільванія). Паводле Райта, жыхары павінны быць як мага бліжэй да прыроды, з-за гэтага пад часткай дому, у якой знаходзіцца некалькі балконаў і тэрасаў, працякае ручай. У будове выкарыстоўваўся як звычайны камень, так і бетон. Дом каштаваў 155 тыс. долараў, з якіх архітэктурная праца каштавала 80 тыс. долараў.

Музeй Гугенхайма

Акрамя гэтага, вядомым праектам Райта з’яўляецца Музей Гугенхайма ў Нью-Ёрку. Будынак, які мае выгляд белай спіралі, будаваўся 17 гадоў (19421959).

Фрэнк Лойд Райт спраектаваў і пабудаваў больш за 400 будынкаў, з якіх да нашага часу захавалася каля 300, астатнія былі наўмысна дэмантаваныя пры жыцці Райта ці ўжо пасля яго смерці альбо знішчаны агнём, ураганамі і землятрусам. Ён таксама займаўся праектаваннем забудовы гарадскіх і прыгарадных раёнаў, многія з яго праектаў былі рэалізаваныя (напрыклад, «The Acres» у штаце Мічыган).

Райт напісаў 20 кніг і шмат артыкулаў і быў папулярным лектарам у ЗША і Заходняй Еўропе.

Фрэнк Лойд Райт захапляўся японскім мастацтвам, займаўся арганізацыяй выставак і гандлем творамі японскага жывапісу і графікі. Часта ён прадаваў адным і тым жа людзям як архітэктурныя праекты, так і японскія карціны, забяспечваючы мастацкае напаўненне спраектаваных ім дамоў. У пэўныя часы гандлем творамі мастацтва ён зарабляў больш, чым архітэктурнай працай.

Асабістае жыццё

Стаўшы паспяховым архітэктарам, Фрэнк Лойд Райт жыў, ні ў чым сабе не адмаўляючы і часта станавіўся мішэнню для жоўтай прэсы. Ён быў тройчы афіцыйна жанаты і знаходзіўся ў некалькіх фактычных шлюбах яшчэ да афармлення папярэдняга разводу.

Пасля Райта засталося сямёра ўласных дзяцей і адно прыёмнае. Двое дзяцей — Фрэнк Лойд Райт-малодшы і Джон Лойд Райт сталі архітэктарамі. Унучка Фрэнка Лойда Райта, Эн Бакстэр — актрыса, лаўрэат прэміі «Оскар».

Галерэя

Зноскі

  1. Arkitekter verksamma i Sverige — 2014.
  2. Find a Grave — 1996. Праверана 5 студзеня 2021.
  3. Conroy S. B. Wright’s Grave Site Moved / S. BuzbeeWashington: Fred Ryan, 1985. — ISSN 0190-8286; 2641-9599 Праверана 5 студзеня 2021.
  4. geni.com — 2006. — 175000000 экз.
  5. 1 2 https://www.taliesinpreservation.org/history/ Праверана 5 студзеня 2021.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Памерлі 9 красавіка
Катэгорыя·Тэарэтыкі архітэктуры
Катэгорыя·Архітэктары Нью-Ёрка
Катэгорыя·Памерлі ў 1959 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Архітэктары-мадэрністы
Катэгорыя·Нарадзіліся 8 чэрвеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Вісконсінскага ўніверсітэта ў Мадысане
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1867 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя ў ЗША
Катэгорыя·Архітэктары паводле алфавіта
Катэгорыя·Архітэктары ЗША
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Істотныя артыкулы
Катэгорыя·Члены Амерыканскай акадэміі мастацтваў і літаратуры
Катэгорыя·Памерлі ў Арызоне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных