Франс Халс (нідэрл.: Frans Hals; паміж 1581 і 1585, Антверпен — 26 жніўня 1666) — галандскі жывапісец.
Вучыўся ў К. ван Мандэра (1600-03). Працаваў у Харлеме. Быў найбольш буйной фігурай на раннім этапе развіцця галандскага жывапісу. Ф. Халс перажыў сваю прыжыццёвую славу, уступіўшы ў канфлікт з арыстакратычнымі коламі галандскага грамадства.[6]
Першыя гады яго прафесійнай дзейнасці звязаны са стварэннем групавых партрэтаў. У асноўным гэта выявы членаў стралковых гільдый — карпарацый афіцэраў для абароны і аховы гарадоў. Густы заказчыкаў дыктавалі аднолькавае па памерах і вельмі дакладнае выяўленне мадэляў. 3 партрэтаў «Стралковая гільдыя Святога Адрыяна» (1633), «Стралковая гільдыя Святога Георгія» (1627) глядзяць энергічныя, упэўненыя ў сваіх сілах і заўтрашнім дні, мэтанакіраваныя людзі. Звычайна Ф. Халс выконваў партрэты вялікіх памераў. Ён карыстаўся шырокай і свабоднай манерай пісьма, насычанымі фарбамі, што было дастаткова новым для таго часу.
Сталая манера, якая склалася ў канцы 1620-х, вылучаецца надзвычайнай лёгкасцю, свабодай і тэмпераментам.[7] У гэты перыяд Ф. Халс ствараў пераважна партрэты: «Цыганка», «Мулат», «Мале Бабе» і інш. Калі мастак выяўляў аднаго чалавека, ён звяртаўся да прыёмаў жанравага жывапісу — уводзіў у работу элементы падзеі або антуражу. Менавіта так паказаны Вілем ван Хейтхейсэн, які гайдаецца ў крэсле (каля 1637), гаспадыня шынка Мале Бабе (каля 1630).
У позні перыяд творчасці (1650—1660-ыя) Ф. Халс зноў звяртаецца да групавых выяў. У партрэты прыходзяць больш стрыманыя характарыстыкі, роздум, нават іронія і скептыцызм, амаль манахромныя колеравыя спалучэнні. Вышэйшае дасягненне гэтых гадоў — партрэты рэгентаў і рэгентак (папячыцеляў) прытулкаў для састарэлых («Партрэт рэгентак прытулку для састарэлых», «Рэгенты прытулку для састарэлых», 1664), напісаныя мастаком у васьмідзесяцігадовым узросце. Майстар карыстаецца адценнямі некалькіх фарбаў, але менавіта гэта дазваляе перадаць надзвычай багатую палітру характарыстык. У абліччы паказаных асоб чытаюцца ханжаства, сквапнасць, зайздроснасць. Кожны чалавек — ярка выказаная індывідуальнасць, а ўсе разам яны дэманструюць рысы ўпэўненых у сабе, у сваіх учынках і саслоўных прывілеях людзей.[6]
Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. XVII — XVIII стагоддзі / Б.А.Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0899-9
Пешына Т. Халс // БЭ ў 18 т. Т. 16. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0263-6
Сененко М. С. Франс Хальс. М., 1965;
Линник И. Франс Хальс. Л., 1967;
Descargues P. Hals, Gen., 1968;
Grimm C. Frans Hals. B., 1972;
Slive S. Frans Hals. v. 1-3, L., 1970-74.