Франсуа Марыус Гранэ (франц. François Marius Granet; 17 снежня 1775, Экс-ан-Праванс — 21 лістапада 1849, там жа) — французскі мастак.
Сын муляра, атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю ў муніцыпальнай школе малявання ў родным сваім горадзе Экс-ан-Правансе. Тут ён пазнаёміўся з графам Фарбенам, які даў яму магчымасць паступіць у майстэрню Давіда, дзе ён заставаўся нядоўга. Некаторы час падарожнічаў з Фарбенам па Італіі і, вярнуўшыся ў Парыж, пачаў працаваць у Луўры.
Першым яго самастойным творам быў «Выгляд кляштара фельянаў». У Італіі, куды Гранэ зноў з’ехаў, ён вывучаў пераважна фларэнтыйскую і венецыянскую школы, але ўспрыняў ад іх толькі чысціню стылю і некаторую сіметрычнасць кампазіцыі. Там ён напісаў «Унутранасць царквы Сан-Марціна-Аі-Монці», і «Выгляд крыпты царквы Санта-Марыя-ін-Арачэлі». Да твораў Гранэ, напісаных у Італіі, належыць таксама выдатная карціна «Мастак Жак Стэла ў турме Капітолія» (1810; да Кастрычніцкай рэвалюцыі знаходзілася ў галерэі герцагаў Лейхтэнбергскіх, у Санкт-Пецярбургу; цяпер у маскоўскім музеі). Яна мела вялікі поспех у Рыме і была адпраўлена ў Парыж, дзе зрабіла не меншае ўражанне. Напісаная перад гэтым карціна «Хор Капэлы Капуцынаў Санта-Марыя-дэла-Канчэцыён ў Рыме» (1808) лічыцца найвышэйшай працай Гранэ, які прайграў яе некалькі разоў.
Прызначаны ў 1824 годзе рэстаўратарам французскіх каралеўскіх музеяў, ён быў потым абраны ў члены Інстытута і прызначаны каралём Луі-Філіпам рэстаўратарам Версальскага музея. Страціўшы гэтае месца ў 1848 годзе, Гранэ пасяліўся ў Экс-ан-Правансе і заснаваў там музей, які з 1949 года носіць яго імя.