У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Фейсал.
Фейсал ібн Абдэль Азіз ас-Сауд (1903, Эр-Рыяд — 25 сакавіка 1975) — 3-ці кароль Саудаўскай Аравіі (1964—1975).
Фейсал — трэці сын Абдэля Азіза ібн Сауда, родапачынальніка Саудаўскай каралеўскай сям’і. Як адзін са старэйшых сыноў, сыграў важную ролю ў кансалідацыі ўлады на Аравійскім паўвостраве ў руках свайго бацькі. У 1925 годзе пад яго камандаваннем войска Саудаўскіх лаялістаў устанавіла кантроль над правінцыяй Хіджаз. За гэта ў 1932 годзе пасля стварэння аб’яднанага каралеўства Саудаўскай Аравіі атрымаў пасаду міністра замежных спраў. Пэўны час прадстаўляў Саудаўскую Аравію ў ААН. Фейсал стаў каралём у 1964 годзе, калі яго брат, Сауд, склаў з сябе паўнамоцтвы і з’ехаў у Жэневу. Праўленне Фейсала адзначылася велізарным ростам нафтаздабычы, што ў спалучэнні з ростам цэнаў на нафту прынесла каралеўству багацце. Гэта дазволіла правесці шэраг кардынальных рэформ у краіне, пабудаваць новую інфраструктуру. Стаўшы каралём, Фейсал не стаў працягваць знешнепалітычную лінію свайго брата. Быў забіты сваім пляменнікам Фейсалам ібн Мусаідам 25 сакавіка 1975 года.