У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Конан.
Уладзімір Міхайлавіч Конан (23 красавіка 1934, в. Вераскава, Навагрудскі раён Гродзенскай вобл. — 6 чэрвеня 2011) — беларускі філосаф, гісторык, літаратурны крытык. Доктар філасофскіх навук (1982).
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Плянтоўскай пачатковай, Вераскаўскай сярэдняй школе. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1959). Пасля сканчэння БДУ выкладаў гісторыю, рускую мову і літаратуру ў Старажоўскай васьмігадовай школе Вілейскага раёна (1959—1960), быў яе дырэктарам (1960—1961). У 1961 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута філасофіі і права АН БССР, працаваў малодшым (1965—1966), старшым (1966—1984) навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара эстэтыкі і сацыяльнай псіхалогіі (1984—1986), вядучым навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута (1986—1990). З 1990 года працаваў загадчыкам аддзела Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. Даследаваў тэарэтына-метадалагічныя праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэтычнай думкі, пытанні фалькларыстыкі і літаратуразнаўства Беларусі.
Першы артыкул апублікаваў у 1963 годзе ў часопісе «Весці АН БССР». Стаў чальцом Саюза пісьменнікаў Беларусі ў 1982 годзе. У 1984 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за цыкл работ па гісторыі філасофскай і грамадскай думкі Беларусі (апубл. у 1973—1980).