Уладзімір Барысавіч Пярцоў (7 мая 1974, Віцебск) — беларускі дзяржаўны дзеяч. Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь (з 2021).
Нарадзіўся 7 мая 1974 года ў Віцебску.
У 1996 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Падчас вучобы працаваў у Палацы культуры і тэхнікі прафсаюзаў, дзе быў вядучым дыскатэк[2].
На тэлебачанне трапіў у 1993 годзе. Быў аўтарам і вядучым праграм Віцебскай студыі тэлебачання, а пазней — ток-шоу Першага нацыянальнага тэлеканала «Будні»[3].
У 1995—1999 гадах — рэдактар Віцебскага абласнога тэлерадыёаб’яднання, у 1999—2002 гадах — галоўны рэдактар абласнога радыё Віцебскага абласнога тэлерадыёаб’яднання.
Стаяў ля вытокаў стварэння ў 1998 годзе FM радыёстанцыі «Віцебск»[2] і пэўны час з’яўляўся яе вядучым[4]. У пачатку 2000-х гадоў, пасля спробы працы ў Расіі, працаваў на Беларускім тэлебачанні: спачатку ў праграме «Будні», пасля на непрацяглы час вядучым перадачы «Добрай раніцы, Беларусь!»[2].
У 2002—2003 гадах узначальваў Гродзенскае абласное тэлерадыёаб’яднанне. У 2003—2008 гадах — дырэктар тэлерадыёкампаніі «Гродна».
У 2007 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
У 2008—2010 гадах — дырэктар дырэкцыі вяшчання тэлеканала «РТР-Беларусь». У 2008 годзе, падчас працы на тэлеканале, пазнаёміўся з Юліяй Радзьковай, дачкой Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Радзькова А. М., з якой праз некалькі год ажаніўся[5].
З 2010 года па 5 красавіка 2021 года працаваў дырэктарам прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі.
20 лістапада 2020 года ўнесены ў санкцыйныя спісы Літвы, Латвіі і Эстоніі[6].
5 красавіка 2021 года прызначаны Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь[7]. 12 красавіка, праз некалькі дзён пасля яго прызначэння, Міністэрства інфармацыі спыніла трансляцыю ў Беларусі вядучага міжнароднага канала «Еўраньюс»[8].