Тэадора з Казельска Агінская (1692 — 9 верасня 1719, Любек) — вялікалітоўская і шведская арыстакратка.
З роду князёў Агінскіх, дачка князя Багуслава Казіміра Агінскага ў яго першым шлюбе з Палідорай Аўрорай з Урангеляў.
Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў, князь Багуслаў Казімір пакінуў Тэадору з іншымі дочкамі і пляменнікамі ў адным з віленскіх кляштараў. Пасля 6 сакавіка 1706 года Вільню захапіў атрад шведскіх драгунаў пад камандаваннем генерал-ад’ютанта Карла Густава Дзюкера з рэчыпасталітаўскімі саюзнікамі[1][2]. Княжна Тэадора са сваякамі з кляштара трапіла ў палон да Дзюкера.[1][2][3][4]
13 кастрычніка 1707 года 15-гадовая Тэадора ўзяла шлюб з Карлам Густавам Дзюкерам. У шлюбе нарадзілася дачка Тэадора Беата (1712) і сын Карл Фрэдрык (1714).
Шведскі перыяд жыцця не вывучаны. Памерла ў Любеку 9 верасня 1719 года.