Тамара Генрыхаўна Пузіноўская (10 чэрвеня 1953, в. Лань Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці — 3 кастрычніка 2006, Мінск), актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Я. Купалы.
Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1974, курс А. Андросіка і З. Браварскай), залічаная да трупы Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, дзе працавала да сваёй смерці ў 2006 годзе.
З’яўлялася адной з найболей запатрабаваных актрыс Купалаўскага тэатру. Ёй аднолькава ўдаваліся ролі трагічныя і камедыйныя, ролі глыбокага ўнутранага зместу. Найболей запамінальныя з больш чым 20 сыграных роляў — Кацярына («Навальніца» А. Астроўскага), Вольга («Тры сястры» А. Чэхава), Валя Кавалёва («Характары» паводле В. Шукшына), Цэрэра («Бура» В. Шэкспіра), Юлія («Ромул Вялікі» Ф. Дзюрэнмата).
Талент актрысы асабліва раскрыўся ў спектаклях нацыянальнай драматургіі, дзе праявілася яе майстэрства дасканала ствараць разнастайныя жаночыя вобразы, сярод гэтых роляў — Нэля («І змоўклі птушкі» І. Шамякіна), Ліда («Радавыя» А. Дударава), Маргарыта («Напісанае застаецца» А. Петрашкевіча), Бона Сфорца («Чорная панна Нясвіжа» А. Дударава). Апошняя праца актрысы — роля Жанчыны ў спектаклі «Дом, дзе спяць прыгажуні» Д. Хуана (2001).