wd wp Пошук:

Сінайская Праваслаўная Царква

Сінайская праваслаўная царква (Сінайская архіепархія) — найстаражытная і самая малалікая аўтаномная праваслаўная царква, уваходзіць у склад Іерусалімскага патрыярхата. Узначальваецца архіепіскапам Сінайскім, Фаранскім і Раіфскім, які адначасова з’яўляецца ігуменам манастыра Святой Кацярыны.

Пра старажытнасць Сінайскай архіепархіі сведчаць матэрыялы Халкідонскага сабору дзе ў «Чыне мітраполій і архіепархій апостальскага прастола Святога Граду» на 24-м месцы згадваецца архіепархія «гары Сіная».[2] Пяты Усяленскі сабор паставіў Сінайскую архіепархію ў ранг аўтакефальных цэркваў у сілу пададзеных манастыру Святой Кацярыны імператарам Юстыніянам прывілеяў.

У 681 годзе, калі епіскап Фаранскі быў пазбаўлены кафедры за монафеліцтва, епіскапская кафедра была перанесена ў манастыр Святой Кацярыны і яго ігумен стаў епіскапам Фарана, а крыху пазней у яго падпарадкаванне перайшла епархія Райта (Раіфа).[1] Напачатку VIII стагоддзя ўсе хрысціяне Сінайскага паўвострава знаходзіліся пад юрысдыкцыяй сінайскага архіепіскапа.

Пасвячэнне сінайскага архіепіскапа з VII стагоддзя здзяйсняе іерусалімскі патрыярх (яго імя заўсёды ўзгадваецца падчас набажэнства ў манастыры) у юрысдыкцыю якога манастыр перайшоў у 640 годзе пасля заваявання Егіпта мусульманамі, у сувязі з цяжкасцямі ў падтрымання зносін з канстанцінопальскім патрыярхатам. Але афіцыйна аўтаномія ад канстанцінопальскага патрыярхата была атрымана толькі ў 1575 годзе (пацверджана ў 1782 годзе).[1]

Сінайская царква складаецца з манастыра Святой Кацярыны на Сінайскім паўвостраве і шэрагу падворкаў: 3-х у Егіпце і 14-ці па-за Егіптам: 9-ці — у Грэцыі, 3-х — на Кіпры, 1-го — у Ліване і 1-го — у Турцыі (Стамбул).[3] Найбуйнейшым падворкам архіепархіі лічыцца падворак «Джувані» у Каіры (на падворку афіцыйна пражывалі многія Сінайскія архіепіскапы). У XIX — пачатку XX стагоддзяў царква мела падворкі ў Расійскай Імперыі — Бесарабіі, Кіеве і Тыфлісе.

Колькасць вернікаў Сінайскай праваслаўнай царквы складае 900 чалавек (1986).[1]

Прадстаяцель з 1973 года — высакапраасвяшчэнны Даміян (Самартзіс).[4]

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Рональд Робертсан. Усходнія хрысціянскія Цэрквы
  2. Пятницкий Ю. Синай, Византия, Русь.
  3. The Holy Monastery of Sinai’s Dependencies Out of Egypt Архівавана 23 верасня 2012.
  4. Даміян, Высакапраасвяшчэнны Архіепіскап Сінайскі, Фаранскі і Раіфскі Архівавана 23 чэрвеня 2010.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Сінайская праваслаўная царква
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты