У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Картэс.
Сярге́й Альбе́ртавіч Картэ́с (18 лютага 1935, г. Сан-Антоніа, Чылі — 26 чэрвеня 2016, Мінск, Беларусь) — беларускі кампазітар , кінакампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1980).
Нарадзіўся 18 лютага 1935 у Сан-Антоніа, Чылі. У 1920-я гады сям’я маці С. А. Картэса эмігравала з Расіі ў Чылі. Бацька С. А. Картэса — чыліец. Першыя 20 гадоў жыцця правёў у Аргенціне, вучыўся музыцы ў Буэнас-Айрэсе. У 1947 годзе сям’я падала прашэнне аб савецкім грамадзянстве. Прыезд у СССР стаў магчымым у 1955 годзе. Месцам пражывання быў вызначаны Мінск.
Скончыў у 1962 годзе Беларускую кансерваторыю. З 1966 г. — загадчык музычнай часткі Беларускага тэатра імя Я.Купалы. З 1972 г. музычны рэдактар, галоўны музычны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм».
З 1991 года мастацкі кіраўнік опернай трупы ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі. У 1996 годзе установа была падзелена на два самастойныя тэатры: оперы і балета. Картэс узначаліў першы з іх і на працягу 1996—2002 гадоў з’яўляўся мастацкім кіраўніком-дырэктарам Нацыянальнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. З асобай Картэса звязана адкрыццё беларускага опернага мастацтва для еўрапейскай публікі.