wd wp Пошук:

Сырніца

Сырніца, сырнік або сырня — гаспадарчае памяшканне для прасушвання і захоўвання сыру.

Актыўна будаваліся сырніцы на Беларусі ў 2-й палове XVIII ст., у час уздыму сельскагаспадарчай вытворчасці. У ХІХ ст., аднак, вытворчасць сыру ў фальварках заняпала, памяншылася і колькасць сырніц, мянялася прызначэнне гэтых пабудоў, напрыклад, прыстасоўвалася пад свірны. На пачатку ХХ ст. сырніцы амаль не сустракаюцца. Да 1980-х гадоў у больш-менш ў нязменным стане захавалася сырніца ў Сітцах Докшыцкага раёна.

Архітэктура сырніцы

Залежна ад аб’ёмнага вырашэння сырніцы падзялюць на два тыпы:

Сырніцы з адкрытым ніжнім ярусам узводзілі на слупах. Залежна ад памеру збудавання іх магло быць ад 1 да 12, аднак найбольш распаўсюджаннымі былі сырніцы на 4-х слупах. Наверсе слупоў фарміравалі каркас, які або абшывалі дошкамі, або ўпускалі дошкі ў паз слупоў. Лёгкая канструкцыя стварала выдатныя ўмовы для прасушвання сыру, бо паміж няшчыльна збітымі дошкамі цыркулявала паветра. Звонку на другі паверх вяла лесвіца або драбіны.

У сырніцах другога тыпу на першым паверсе магла месціцца камора або малочнік. Характэрным элементам сырніц была галерэя на ўзроўні другога паверху, пад яе напускным дахам сушылі сыры. Галерэю маглі рабіць або на вонкавых слупах, або на выпускных бэльках.

Інтэр’ер сырніц быў просты і складаўся з драўляных паліц для сушкі сыру. У выпадку, калі у сырніцы быў яшчэ і малочнік, тут маглі ставіць гарнцы, маслабойкі, цэбры і інш.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Архітэктура