Субкультура (лац.: sub — пад і cultura — культура; падкультура) у сацыялогіі і культуралогіі — частка культуры грамадства, якая адрозніваецца ад пераважнай большасці, а таксама сацыяльныя групы носьбітаў гэтай культуры. Субкультура можа адрознівацца ад дамінантнай культуры ўласнай сістэмай каштоўнасцяў, мовай, манерай паводзін, адзежай і іншымі аспектамі[1][2]. Адрозніваюць субкультуры, якія фармуюцца на нацыянальнай, дэмаграфічнай, прафесійнай, геаграфічнай і іншых базах. У прыватнасці, субкультуры ўтвараюцца этнічнымі супольнасцямі, якія адрозніваюцца сваім дыялектам ад моўнай нормы[3]. Іншым вядомым прыкладам з’яўляюцца моладзевыя субкультуры.
У 1950 годзе амерыканскі сацыёлаг Дэвід Райзмен у сваіх даследаваннях вывеў паняцце субкультуры як групы людзей, якія наўмысна абіраюць стыль і каштоўнасці, упадабаныя меншасцю. Больш старанны аналіз з’явы і паняцця субкультуры правёў Дзік Хэбдзідж у сваёй кнізе «Субкультура: значэнне стылю». Па яго меркаванні, субкультуры прыцягваюць людзей з падобнымі густамі, якіх не задавальняюць агульнапрынятыя стандарты і каштоўнасці.
Француз Мішэль Мафесолі ў сваіх працах выкарыстоўваў паняцце «гарадскія плямёны» для абазначэння моладзевых субкультур. Віктар Дольнік у кнізе «Непаслухмянае дзіцё біясферы» выкарыстоўваў паняцце «клубы».
У СССР для абазначэння членаў моладзевых субкультур выкарыстоўваўся тэрмін «Нефармальныя аб’яднанні моладзі», адсюль жаргоннае слова «нефармалы». Часам для абазначэння субкультурнай супольнасці выкарыстоўваецца жаргоннае слова «тусоўка».