У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бабінскі. Станіслаў Бабінскі (польск.: Stanisław Bobiński; каля 1611, Мазовія — 23 красавіка 1664, Вільня[1]) — езуіцкі святар і педагог.
Уступіў у Таварыства Ісуса 27 ліпеня 1627 г. у Вільні. Пасля выпрабаванняў у навіцыяце авалодваў педагагічным майстэрствам пад кіраўніцтвам прафесара Валенція Кёльнскага ў настаўніцкай семінарыі пры Полацкім езуіцкім калегіуме (1629—1631). У 1631—1634 гг. вывучаў філасофію ў Віленскай акадэміі. Выкладаў у шэрагу навучальных устаноў езуітаў, у тым ліку рыторыку ў Аршанскім калегіуме (1636—1637). Скончыў курс тэалогіі ў Віленскай акадэміі (1637—1641) і быў высвечаны ў сталіцы на ксяндза.
Прафесар рыторыкі для семінарыстаў-езуітаў у настаўніцкай семінарыі пры Віленскай акадэміі (1641—1643). Прэфект школ і прэфект музычнай бурсы (1643—1644), прафесар філасофіі (1644—1647), рэктар (1647—1650) у Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. У 1652 г. атрымаў у Віленскай акадэміі ступень магістра філасофіі і вольных навук, роўны доктарскай ступені, і чытаў у сваёй альма-матэр лекцыі па маральнай тэалогіі.
Пад час шведскага патопу выконваў абавязкі вайсковага капелана віцебскага (1653—1654) і смаленскага (1655—1656) ваяводаў. У 1658—1661 гг. — рэктар навіцыяту ў Вільні[2].