Справа Дэніса Крыстэнсена — судовае разбіральніцтва па справе № 1/37-1 у расійскім горадзе Арол супраць падданага Даніі Дэніса Оле Крыстэнсена па абвінавачванню ў экстрэмісцкай дзейнасці, якое праходзіла ў 2018—2019 гадах. Шэраг праваабарончых арганізацый разглядае Д. Крыстэнсена, як палітычнага зняволенага[1][2].
Дэніс Крыстэнсен нарадзіўся ў Капенгагене ў 1972 годзе ў сям’і Сведкаў Іеговы. У 1989 годзе ён сам стаў Сведкам Іеговы, а ў 1995 годзе пераехаў у Расію. У 2002 годзе ён ажаніўся з расіянкай Ірынай, з якой ў 2006 годзе пераехаў у Арол, дзе працаваў індывідуальным прадпрымальнікам[3].
23 мая 2017 года ФСБ Арлоўскай вобласці РФ узбудзіла крымінальную справу № 11707540001500164 супраць Д. Крыстэнсена па абвінавачванню ў працягу дзейнасці забароненай арганізацыі паколькі следства вызначыла яго ўдзел у правядзенні набажэнствах расійскіх Сведкаў Іеговы як працяг дзейнасці мясцовай рэлігійнай арганізацыі Сведкаў Іеговы, забароненай у 2016 г. рашэннем Арлоўскага абласнога суда[4]. 25 мая 2017 года Дэніс Крыстэнсен быў арыштаваны падчас набажэнства і накіраваны ў следчы ізалятар, дзе знаходзіцца па цяперашні час[5].
Слуханне па справе Д. Крыстэнсена пачалося 19 лютага 2018 года ў Чыгуначным раённым судзе Арла. Яно працягнулася з перапынкамі да лютага 2019 г. Падчас разбіральніцтва ішла праверка вучэнняў і дзейнасці мясцовых Сведкаў Іеговы на падставе літаратуры, знойдзенай у Крыстэнсена і допыту некалькіх яго аднавернікаў у якасці сведкаў па справе. Таксама суд спрабаваў усталяваць існаванне доказаў працягу абвінавачаным дзейнасці забароненай арганізацыі[6]. За працэсам назіралі журналісты і дыпламаты шэрагу краін[7][8].
6 лютага 2019 года суд пастанавіў прызнаць Д. Крыстэнсена вінаватым у парушэнні часткі 1 арт 282.2 Крымінальнага Кодэкса Расіі і прызначыць яму пакаранне: 6 год пазбаўлення свабоды. У адказ на гэта міністр замежных спраў Даніі выказаў сваю занепакоеннасць такім рашэннем суда[9]. Прадстаўнікі Human Rights Watch, Amnesty International, ААН, ЕС і ПАСЕ патрабавалі тэрмінова вызваліць Крыстэнсена[10][11][12][13][14]. А прэс-сакратар Крамля Д. Пяскоў заявіў, што рашэнне суда адпавядае закону[15].
У маі 2019 г. у Арлоўскім абласным судзе праходзіла апеляцыйнае слуханне па гэтай справе. 23 мая 2019 г. Арлоўскі аблсуд пацведзіў тэрмін Дэнісу Крыстэнсену, вынесены папярэднім судом[16].
Пасля вынясення рашэння судом, Д. Крыстэнсена накіравалі адбываць пакаранне ў Папраўчую калонію № 3 г. Льгоў. У канцы ліпеня 2019 г. падчас вобыску ў Дэніса Крыстэнсена знайшлі нож, які мог быць яму падкінуты самімі супрацоўнікамі калоніі для кампраметацыі верніка[17]. Пасля гэтага 7 жніўня 2019 г. Старшыня Пастаяннай камісіі савета пры Прэзідэнце РФ па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека па садзейнічанні з Грамадскай назіральнай камісіяй, рэформе пенітэнцыярнай сістэмы і прафілактыцы правапарушэнняў Андрэй Бабушкін і член Савета пры Прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека Марыя Бальшакова наведалі з рабочым візітам гэту калонію, каб праверыць умовы жыцця зняволеных і даць ім прававую кансультацыю[18].
У верасні 2019 г. Крыстэнсен перанёс пнеўманію і знаходзіўся ў бальніцы калоніі №2[19].
23 чэрвеня 2020 г. Льгоўскі раёны суд замяніў Крыстэнсену неадбытую частку турэмнага пакарання штрафам у памеры 400 тыс. расійскіх рублёў[20]. Папярэднія хадатайніцтвы аб датэрміновым вызваленні былі адхіленыя. 25 чэрвеня пракурор курскай пракуратуры Аляксей Шатуноў падаў скаргу на рашэнне суда. 26 чэрвеня Д. Крыстэнсена за знаходжанне ў абедзеным пакоі ў неналежны час і за знаходжанне ў бараку ў футболцы без курткі адправілі на 10 сутак у штрафізалятар[21] і потым далі яшчэ 5 сутак штрафізалятара за тое, што ён праспаў пад’ём[22]. 11 ліпеня Крыстэнсена выпусцілі са штафізалятара, а яго адвакаты беспаспяхова паспрабавалі абскардзіць пакаранне карцэрам[23]. 15 ліпеня Крыстэнсена зноў накіравалі ў штрафны ізалятар за адмову выконваць працу, якую турэмны доктар дазволіў выконваць з перапынкамі, а незалежны доктар знайшоў супрацьпаказанай для здароўя Крыстэнсена[24].
4 верасня суддзя Курскага аблсуда адмяніў рашэнне замяніць Крыстэнсену рэшту турэмнага зняволення штрафам і накіраваў справу аб яго вызваленні на новы разгляд у Льгоўскі раённы суд[25]. 9 верасня Д. Крыстэнсена ў трэці раз накіравалі ў штрафны ізалятар за адмову выконваць працу, якая супрацьпаказана яго здароўю[26]. Усяго па стане на кастрычнік Дэніс Крыстэнсен правеў 38 дзён у штрафным ізялятары[27].
26 кастрычніка 2020 года Льгоўскі раённы суд Курскай вобласці адмовіўся замяніць Д. Крыстэнсену неадбытую частка турэмнага тэрміну на штраф. Суд спаслаўся на нязгоду Крыстэнсэна працаваць на турэмнай вытворчасці. Падаць новае хадайніцтва аб змякчэнні пакарання ён можа толькі праз паўгода пасля прыняцця гэтага рашэння[28].
10 лютага 2021 года Курскі абласны суд адмовіў Д. Крыстэнсену ў праве замяніць неадбытую частку турэмнага тэрміну на штраф[29].
24 мая 2022 г. Д. Крыстэнсен быў вызвалены з калоніі і накіраваны на дэпартацыю з Расіі[30][31]. 25 мая ён прыляцеў у Данію[32].