wd wp Пошук:

Серабранскія Млыны

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Серабранка. Не блытаць з аднайменным жылым раёнам Мінска. Серабра́нскія Млыны́, прадмесце Серабра́нка — гістарычная мясцовасць Мінска, якая месціцца ў паўднёвай частцы горада, паміж рэйкамі Лібава-Роменскай чыгункі і рэчкай Свіслач, паабапал Ігуменскага гасцінца.

На захадзе ад Серабранскіх млыноў месцяцца Сенажаны, на паўночным захадзе — Уборкі, на поўначы — Араны, на паўночным усходзе — прадмесце Тры Карчмы, на паўднёвым усходзе — Сакалянка, на поўдні — Козыраўскае прадмесце[1][2].

Гісторыя

Серабранскія Млыны, 1926 г.

Назва прадмесця, як сведчаць дакументы XVI ст., пайшла ад некалі існай тут рэчкі Серабранкі і Сярэбранага логу. Таксама існуе легенда, паводле якой у карчме, што знаходзілася ў гэтай мясцовасці, спыняліся на начлег г. зв. «срэбныя» купцы, у якіх не хапала грошай на прыпынак у цэнтры горада, у адрозненні ад «залатых».[3]

У пачатку XIX ст. за Ігуменскай заставай, у раёне Серабранскіх Млыноў стаялі тры памятныя цагляныя калоны (слупы), накрытыя дахоўкай. Дзве з іх паводле газеты «Минские губернские ведомости» за 1868 год (№ 31, 35) стаялі на магілах братоў Свентажэцкіх, што загінулі у часе дуэлі. Згодна з паданнем трэцюю калону паставілі ў гонар нейкай Тэафілы Міладоўскай, якая памерла ў мінскай вязніцы[4].

Ігуменскі тракт, 1930-я гг.

Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага ў XIX ст. урочышча Серабранскія Млыны разам з Кісцяроўкай (Кісцерам) былі папулярным месцам адпачынку сярэдняга класа мінскага насельніцтва[5].

Забудова прадмесця фармавалася ў пачатку XX ст. Важнымі аб’ектамі Серабранкі сталі Ігуменскі (Чэрвеньскі) рынак (пазней перанесены на іншае месца) і бойня (на яе месцы пазней пабудаваны корпус Белмедпрэпаратаў)[6]. У пачатку XX ст. Серабранскія Млыны ўваходзілі ў чацвертую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзіў Ігуменскі тракт (цяпер — частка вуліцы Маякоўскага), Пажарная (назва паходзіць ад былога другога мінскага пажарнага дэпо каля Ігуменскага рынка, захавалася частка вуліцы ля Свіслачы), вуліцы Аранская, Аранжарэйная, 1-я і 2-я Надзееўская, Лясная, Лугавая, Сярэдняя, Палявая, Дзянісаўская, Лугавы завулак[7].

У гады Другой сусветнай вайны на тэрыторыі прадмесця існавала некалькі падпольных кватэр антыфашысцкага супраціву. Большая частка прадмесця была знесеная ў 1960-я—1970-я гады. Ізноў актывізаваўся знос у 2010-я гады[6].

Сучаснасць

Тапонім Серабранка выкарыстоўваецца для пазначэння іншай часткі горада за некалькі кіламетраў на паўднёвы ўсход ад колішніх Серабранскіх Млыноў. Пра месца першапачатковага размяшчэння прадмесця сведчаць Серабранская і Серабранская Малая вуліцы, а таксама Серабранскі завулак.

Старыя адрасы

Будынак вінакурні Любанскага, 2015 г.

Таксама ў прадмесці месціўся Ігуменскі рынак.[8]

Зноскі

  1. «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
  3. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 229
  4. Л. У. Дучыц. Памятныя калоны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 437
  5. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992 // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 468
  6. 1 2 Беларускі архіў вуснай гісторыі. Гісторыя Мінска і яго ваколіц у памяці сведак часу(нявызн.). nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 13-5-2019. Праверана 13-5-2019.
  7. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіум», 4 чэрвеня 2008.
  8. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Гістарычныя раёны Мінска
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы