Роўнараснічныя інфузорыі (Holotricha) — клас (падклас) інфузорый.
Даўжыня да 0,6 мм. Цела бясколернае, зрэдку зялёнае, сіняе або іншай афарбоўкі. Раснічкі (пераважна органы руху) размешчаны раўнамерна або развіты пераважна на брушным баку, у некаторых утвараюць венчыкі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажаюцца простым дзяленнем і шляхам кан’югацыі.
Падзяляецца на 5 атрадаў, вядома каля 4000 відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных водах; на Беларусі найбольш трапляюцца інфузорыя-туфелька (Paramecium caudatum), галафрыя чарнаватая (Holophrya nigricans), дыдыніум насаты (Didinium nasutum), колепс шчаціністы (Coleps hirtus), прарадон яйцападобны (Prorodon ovum) і інш.
Удзельнічаюць у біялагічным ачышчэнні вадаёмаў. Некаторыя віды — паразіты (балантыдый колі (Balantidium coli), іхтыяфтырыус (Ichthyophthirius) і інш.), узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека.