Роберт Бжастоўскі (7 чэрвеня 1748, мяст. Міхалішкі Віленскага павета — пасля 1795) — вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Каралеўскі камергер, палкоўнік гусарскі, пяцігорскі, вялікі чашнік літоўскі (1787—1791), кашталян полацкі (1791—1795), маршалак Літоўскага Трыбунала ў 1791.
Паходзіў з роду Бжастоўскіх герба «Стрэмя», сын Юзафа Бжастоўскага. Быў жанаты з Ганнай Ядвігай Броэль-Плятэр, дачкой Канстанціна Людвіка Плятэра, і меў з ёю сыноў Людвіка, Вінцэнта, Аўгуста і дачку Марыю Ганну.
Між іншага валодаў мястэчкам Мосар, дзе ў 1775—1790 гадах пабудаваў палац у стылі класіцызму, а ў 1792 годзе сумай у 1 000 дукатаў фундаваў касцёл пад тытулам Святой Ганны, нябеснай апякункі сваёй жонкі.