Раіса Станкевіч (23 лістапада 1941, Навагрудак, Генеральная акруга Беларусь, Рэйхскамісарыят Остланд (цяпер — Гродзенская вобласць, Беларусь) — беларуская грамадская дзяячка. Старшыня Задзіночання беларуска-амерыканскай моладзі.
Дачка Зінаіды і Станіслава Станкевічаў. Выехала з Беларусі разам з бацькамі ў 1944 годзе. Жыла ў Мюнхене, дзе вучылася ў нямецкай школе. У 1958 годзе пераехала ў ЗША, жыве ў Нью-Ёрку. Была выхавальніцай у беларускім дзіцячым садку. У 1973 годзе скончыла прыватны каталіцкі Універсітэт Св. Яна ў Нью-Ёрку са ступенню магістра біяхіміі. Шмат гадоў працавала ў даследчай лабараторыі Слоўн-Катэрынскага цэнтра вывучэння раку ў Нью-Ёрку. З 1970 года належала да Беларуска-амерыканскага рэспубліканскага клуба.
У 1987 годзе скончыла факультэт русістыкі Хантэрскага каледжа Гарадскога ўніверсітэта Нью-Ёрка, абараніўшы магістэрскую дысертацыю на тэму, прысвечаную гісторыі Беларусі пачатку XX ст. З 1988 года член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. З’яўлялася членам Беларуска-амерыканскага задзіночання, уваходзіла ў Галоўную ўправу і кіраўніцтва Нью-Ёркскага аддзела арганізацыі. Прымала ўдзел у якасці госця на 3-й сустрэчы беларусаў Аўстраліі (5—9 студзеня 1979 года; Адэлаіда)[1].
Уваходзіла ў рэдкалегію газеты «Беларус», была старшынёй рэдкалегіі часопіса «Беларуская моладзь»[2].
Член Адміністрацыйнага камітэта Фундацыі імя І. Любачкі.