«Расанскі кодэкс» (лац.: Codex Rossanensis; умоўнае абазначэнне: Σ або 042) — унцыяльны манускрыпт VI стагоддзя на грэчаскай мове, які змяшчае тэкст Евангелля паводле Матфея і Евангелля паводле Марка, на 188 пергаментных аркушах (31 x 26 зм) з лакунай у Марк 16,14-20[2][3]. Назва рукапісу паходзіць ад горада, у якім рукапіс быў знойдзены.
Расанскі кодэкс напісаны сярэбранымі чарніламі на пурпурным пергаменце. Скарачэнні для слоў «Бог» і «Ісус» (nomina sacra) вылучаны залатымі літарамі. Тэкст на аркушы размешчаны ў дзвюх калонках, па 20 радкоў у кожнай[3].
Расанскі кодэкс, разам з Сінопскім кодэксам (О), Берацкім кодэксам (Φ) і Пецярбургскім Пурпурным кодэксам (N), належыць да групы пурпурных унцыяльных рукапісаў[4].
Грэчаскі тэкст рукапісу адлюстроўвае візантыйскі тып тэксту, вельмі блізкі да Пецярбургскага Пурпурнага кодэкса. Рукапіс аднесены да V катэгорыі Аланда[3]. Тэкст рукапісу быў выдадзены Гебхардам (О. von Gebhard) у 1883 годзе.
Рукапіс быў знойдзены ў 1879 годзе ў Расана на поўдні Італіі[2]. Рукапіс належыць Архібіскупскаму музею г. Расана.
![]() |
Расанскі кодэкс на Вікісховішчы |
---|