У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Малахоўскі. Рагнед Малахоўскі (нар. 5 верасня 1984, пасёлак Сеймчан, Магаданская вобласць, Расія) — беларускі паэт.
Нарадзіўся ў сям’і мастака. Паводле нацыянальнасці — беларус. У 1987 годзе разам з бацькамі і старэйшым братам вярнуўся ў Беларусь у Нарачанскі край (Мінская вобласць). Скончыў факультэт фінансаў і банкаўскай справы БДЭУ (2009). Працаваў грузчыкам, прадаўцом-кансультантам, выхавацелем у інтэрнаце, ахоўнікам гандлёвага цэнтра, фасадчыкам на будоўлі. Быў рэдактарам аддзела публіцыстыкі, крытыкі і літаратуразнаўства рэдакцыі часопіса «Полымя». У 2011 годзе з’яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара, выконваючым абавязкі галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка». У 2012 годзе — адказны сакратар часопіса «Маладосць». У 2013 годзе — рэдактар аддзела рэдакцыі часопіса «Вожык», адказны сакратар часопіса «Белая вежа», галоўны спецыяліст Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». З 2014 года — рэдактар аддзела публіцыстыкі рэдакцыі часопіса «Полымя».
З 2003 года рэгулярна выступае з літаратурнымі творамі ў рэспубліканскай перыёдыцы (часопісы «Полымя», «Дзеяслоў», «Маладосць», газеты «ЛіМ», «СБ» і інш.), калектыўных зборніках і анталогіях. Вершы перакладаліся на рускую і балгарскую мовы. Аўтар паэтычных зборнікаў «Беражніца» (Мн.: «Мастацкая літаратура», 2005), «У дзённай мітусні» (Мн.: «Харвест», 2012), «Жыві!» (Мн.: «Чатыры чвэрці», 2014).
3 2006 займаецца фотамастацтвам (праводзіліся фотавыстаўкі ў Мінску і Лодзі (Польшча), фотапрацы публікаваліся ў перыядычных выданнях).
З 2006 піша электронную музыку (гучала ў эфіры некаторых FM-радыёстанцый).