Раваам, у каталіцкай традыцыі Рабаам[3] (іўр.: רְחַבְעָם) — цар іўдзейскі, сын і пераемнік Саламона.
Паводле Бібліі, узышоў на прастол ва ўзросце 41 года і валадарыў 17 год. Пры ім адбыўся падзел Ізраільска-Іўдзейскага царства на Ізраільскае і Іўдзейскае. За сталіцу меў Іерусалім, галоўны горад Іудзеі. Нягледзячы на ператварэнне сталіцы і 15 іншых гарадоў у моцныя крэпасці, на пятым годзе свайго валадарства пацярпеў паражэнне ад егіпецкага цара Сусакі. Біблія падае яго прадаўжальнікам разбешчанага вобраза жыцця свайго бацькі Саламона, які меў шмат жонак і наложніц і мноства дзяцей ад іх. Любімай жонкай Раваама была Мааха, дачка ці ўнучка Авесалома. Сваім пераемнікам на стальцы ён прызначыў свайго сына Авію.[4]