wd wp Пошук:

Пётр Тамашавіч Мірановіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мірановіч. Пётр (Пётра) Тамашавіч Мірано́віч (21 верасня 1902, в. Стрэмкі Піедруйская воласць Краслаўскі павет, Латвія — 20 снежня 1990, Бруклін, Нью-Ёрк, ЗША) — беларускі мастак.

Біяграфія

Дзвінская ініцыятыўная група па падрыхтоўцы Беларускіх вечароў у 1922. Злева направа: Пётра Мірановіч, Кастусь Александровіч, Язэп Камаржынскі, Алесь Махноўскі

У 1922 скончыў Краслаўскую латышскую асноўную школу, у 1926 годзе Дзвінскую дзяржаўную беларускую гімназію. У 1926 годзе паступіў у Латвійскую акадэмію мастацтваў. З 1928 па 1933 навучаўся ў майстэрні дэкаратыўнага жывапісу ў прафесара Яніса Кугі, а з 1933 да 1937 — у майстэрні фігуральнага жывапісу ў прафесара Гедэрта Эліяса. У 1937 скончыў акадэмію, дыпломнай працай была карціна «У сялянскай хаце».

Пасля сканчэння акадэміі жыццё мастака было звязана з педагагічнай дзейнасцй, ён працаваў настаўнікам малявання, а пазней інспектрам беларускіх школ, з’яўляўся сябрам Таварыства беларускіх настаўнікаў Латвіі.

Са жніўня 1941 намеснік Беларускага камітэта (у сакавіку 1942 пераназваны ў «аб’яднанне»), які заснаваў у Рызе Канстанцін Езавітаў[2].

У 1944—1945 Мірановіч вучыўся ў Венскай акадэміі мастацтваў у Аўстрыі. З 1950 года разам з сям’ёй жыў у Брукліне, (Нью-Ёрк, ЗША).

Памёр 20 снежня 1990 года ў Брукліне. Пахаваны на могілках Рэсурэкшн[en] на Статэн-Айлендзе[3].

Праца

Творчасць мастака ў ранні перыяд была прысвечана пейзажам Латгаліі, рацэ Даўгаве, а таксама тэматыцы вясковага жыцця латгальскіх беларусаў, партрэтам беларускай інтэлігенцыі. Пётрам Мірановічам быў намаляваны абраз Божай Маці для алтара Піедруйскага касцёла. На 4-ай мастацкай выставе Фонда культуры Латвіі ў 1937 яго карціны «Латгалачка», «Вяртанне дамоў», «Вандраванне», «Адліга» і «Рака Айвіекстэ» экспанаваліся разам з працамі вядомых латышскіх мастакоў Я. Кугі, Г. Эліяса, В. Пурвіта, Я. Тылберга і інш. Паўстала і цэльная партрэтная галерэя створаных ім вобразаў — Ф. Скарына, Сапега, К. Каліноўскі, Я. Купала, якая пазней была падоўжана выявамі выдатных асоб нашага часу: Н. Арсеннева, Салавей, У. Сядура, С. Сахараў.

У амерыканскі перыяд жыцця Мірановічам было напісана шмат партрэтаў беларускіх эмігрантаў, пейзажаў Латгаліі, намаляваных па накідах і фатаздымках, прывезеных мастаком, а таксама карціна «Беларускія эмігранты», якая экспанавалася на розных амерыканскіх выставах і атрымала вялікую папулярнасць. Да апошніх дзён свайго жыцця мастак удзельнічаў у шматлікіх мастацкіх выставах, чытаў лекцыі, пісаў артыкулы пра беларускую культуру і асвету, афармляў розныя выстаўкі. У 1964 у Нью-Ёрку адбылася яго персанальная мастацкая выстаўка, якую арганізаваў Беларускі інстытут навукі і мастацтва[4]. На гэтай выставе экспанаваліся 63 працы мастака.

У 1952 годзе Уладзімір Сядура так пісаў пра карціны Мірановіча ў «Запісах»[3]:

Яны абуджаюць у кажным з нас салодкія ўспаміны. Стоячы гіерад імі, мы нібы зноў пераносімся на родныя гіалі і сенажаці, лясы і азёры. Мы бачым зноў, як жывуць і працуюць нашыя людзі, якія засяляюць нашыя вёскі і мястэчкі і псрахоў-ваюць нашыя нацыянальныя асаблівасці.

Зноскі

  1. Piotr Miranovič // https://www.limis.lt/personaliju-zodynas/-/personFastSearch/view/150000026792049
  2. Беларусы ў Латвіі ў часы савецкай і нямецка-фашысцкай акупацыі (1940—1945) Архівавана 7 мая 2021. Эрык Екабсонс, Беларускі Гістарычны Агляд, 2006 Т.13 Сш. 2
  3. 1 2 Крывіцкія руны : вып. II. беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад.. прад.м., камент. М. Казлоўскага. С. Панізьніка. — Мн.: Кнігазбор, 2017. — 452 с. — ISBN 978-985-7180-05-9.
  4. Два мастакі — два лёсы(недаступная спасылка) Сяргей Гваздзёў, Новы Час

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Выпускнікі Венскай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Выпускнікі Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі ў 1990 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1902 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Нью-Ёрку
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі 20 снежня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 верасня
Катэгорыя·Выпускнікі Латвійскай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Краслаўскім краі
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Беларусы ў Латвіі
Катэгорыя·Беларусы ў ЗША
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі