Помнік у гонар 850-годдзя Гродна — помнік у Гродна (Беларусь), размешчаны на вул. Лермантава, пры ўваходзе ў Каложскі парк. Устаноўлены ў 1978 годзе да 850-годдзя першага ўпамінання Гродна ў Іпацьеўскім летапісе пад 1128 годам.
Помнік створаны з бетону і медзі скульптарам Г. Буралкінам, архітэктарамі А. Каральковым, Г. Пешкавым і інжынерам В. Навумовічам. Помнік уяўляе сабой два слупы-абеліскі вышынёй 31 м, аб’яднаныя ў верхняй частцы блокам-вітражом з выявай лічбы «850». Каля асновы слупоў з заходняга і ўсходняга бакоў у нішах устаноўлены дзве алегарычныя скульптуры вышынёй 6 м: воін-латнік і жанчына з вышытым ручніком на руках. Да помніка вядзе алея з шырокім газонам і дэкаратыўнымі свяцільнямі. У пачатку алеі ўстаноўлены камень, на плоскасці якога высечана: «850-годдзе».