wd wp Пошук:

Платон Андрэевіч Крэнь

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Крэнь. Платон Андрэевіч Крэнь (4 красавіка 1896, фальварак Ярашова, Слонімскі павет, Гродзенская губерня, цяпер у складзе в. Кузявічы, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць — 28 верасня 1962, в. Ярашова, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі паэт, мемуарыст, публіцыст, удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў.

Біяграфія

Платон Андрэевіч Крэнь нарадзіўся 4 красавіка 1896 года ў фальварку Ярашова і быў дзясятым дзіцём у сям’і. Бацька, Андрэй Крэнь, быў пісьменным, у доме панаваў культ кнігі: зімовымі вечарамі за сталом шкаляр Платон уголас чытаў творы Сянкевіча, Гогаля, Пушкіна.

Вучыўся ў Келецкай мужчынскай гарадской гімназіі (Польшча), Клецкай настаўніцкай школе, якую скончыў у 1913 годзе. У 1915 годзе Платон Крэнь быў мабілізаваны ў войска, накіраваны ў Пецяргофскую школу прапаршчыкаў, якую скончыў у 1916 годзе з афіцэрскім чынам. Служыў у Фінляндыі ў 423-м пяхотным палку. Публікаваў вершы ў газеце «Финляндские известия».

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі са снежня 1917 года П. А. Крэнь служыў у Чырвонай Арміі, быў накіраваны на Дон. Там захварэў, трапіў у шпіталь. Потым перайшоў у Белую гвардыю генерала Аляксея Каледзіна. З войскам адступіў у Крым, дзе змог сесці на параход «Дон» і эвакуіравацца ў Турцыю.

У жніўні 1921 года Платон Крэнь вярнуўся ў Беларусь у родную вёску. У 1920-я гады быў членам Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Друкаваўся пад псеўданімамі Бім-Бом, Бух-Бом, Прохар Калавец, Шыпшына ў віленскіх беларускіх выданнях, ладзіў у вёсцы беларускія вечарыны і спектаклі.

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі зімой 1939—1940 гадоў Платон Андрэевіч настаўнічаў. Пісаў у абласную газету «Чырвоная звязда». Але быў звольнены са школы з запісам «Кулак і белагвардзеец», занесены ў спісы на дэпартацыю з Беларусі. Высылцы перашкодзіў пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

Перад альтэрнатывай вывазу ў Германію на прымусовыя работы П. А. Крэнь пайшоў працаваць у Баранавіцкую гарадскую ўправу. У гэты час публікуе фельетоны ў «Баранавіцкай газэце» і падтрымлівае сувязі з партызанамі. Вясною 1943 года па даносе П. А. Крэнь арыштаваны СД. Цудоўным чынам быў вызвалены, дзякуючы сваім фельетонам, якія спадабаліся нямецкаму начальству.

Пасля вайны П. А. Крэнь быў арыштаваны савецкімі органамі бяспекай у 1945 годзе. Асуджаны на 8 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў ва Унжлагу МУС у Горкаўскай вобласці.

Пасля вызвалення ў лютым 1953 года Платон Андрэевіч вярнуўся ў Ярашова. Маці і жонка памерлі, дзеці раз’ехаліся. Жыў адзінока, доўга цяжка хварэў. Пачаў занатоўваць свае ўспаміны, выйшаў на магістральную тэму сваёй творчасці — ГУЛАГ. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Частка яго рукапісных твораў была выкрадзена з хаты. Літаратурная спадчына паэта 1952—1962 гадоў была выдадзена ўжо пасмяротна.

Памёр 28 верасня 1962 года ў Ярашове.

Сям’я

У шлюбе меў дачку Ірыну (1929—2005), якая і Івана (1936—2014).

Творы

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1896 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Баранавіцкім раёне
Катэгорыя·Публіцысты XX стагоддзя
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слонімскім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 4 красавіка
Катэгорыя·Рускамоўныя паэты
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Катэгорыя·Мемуарысты Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1962 годзе
Катэгорыя·Памерлі 28 верасня