wd wp Пошук:

Пасэсійныя сяляне

Пасэсійныя сяляне — прыгонныя сяляне ў Расійскай імперыі ў XVIII—1-й палове XIX стст., замацаваныя за прыватнымі прамысловымі прадпрыемствамі (мануфактурамі, фабрыкамі, заводамі) на аснове пасэсійнага права (без права продажу асобна ад прадпрыемства).

Катэгорыя пасэсійных сялян уведзена пры імператары Пятры I у 1721 г.[1] У іх склад уваходзілі купленыя да прадпрыемстваў сяляне, «вечнаадданыя» (указ ад 1736 г.), казённыя фабрычныя рабочыя, перададзеныя ўладальнікам пасэсійных прадпрыемстваў. У XIX ст. ў лік пасэсійных сялян увайшлі т.зв. неадменныя работнікі, што замянілі сабой прыпісных сялян. У адрозненне ад звычайных прыгонных пасэсійным сялянам не дазвалялася пераводзіць на сельскагаспадарчыя работы, аддаваць у рэкруты; яны маглі падаваць чалабіцці ў Берг- і Мануфактур-калегіі, якім былі падсудныя. У той жа час іх жорстка эксплуатавалі: грубы пазаэканамічны прымус спалучаўся з грашовымі штрафамі і вылікамі. З развіццём капіталістычных адносін уладальнікі пасэсійных прадпрыемстваў імкнуліся пазбавіцца ад пасэсійных сялян (у 1840 г. яны атрымалі такое права) і замяніць іх паднявольную працу больш прадукцыйнай працай наёмных работнікаў. Катэгорыя пасэсійных сялян скасавана пасля сялянскай рэформы.

Зноскі

  1. Указ о разрешении промышленникам покупать крестьян к мануфактурам 18 января 1721 года // Реформы Петра I. Сборник документов / Сост. В. И. Лебедев. — М.: Гос. соц.-эк. изд-во, 1937. — С. 88-89.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Прыгоннае права
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Сялянства Расійскай імперыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара