Партрэт мастака М. Філіповіча — карціна беларускага мастака Міхаіла Станюты (1881—1974), напісаная ў 1925 годзе. З’яўляецца часткай збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Мінску[1].
На карціне Міхаіл Станюта адлюстраваў свайго сябра, мастака Міхася Мацвеевіча Філіповіча (1896—1947), аднаго з самых яркіх беларускіх жывапісцаў 1920-х гадоў[2].
У партрэце Станюта імкнецца захаваць і перадаць гледачу вобраз у першую чаргу беларуса, з характэрнай прыроднай мяккасцю, непасрэднасцю, даверлівасцю, смутным спакоем, у выніку чаго атрымалася глыбока псіхалагічны твор. Праца стрыманая па жывапісным і кампазіцыйным рашэнні: глухі фон, плоскаснасць малюнка, спакойны каларыт. Стэфанія Станюта ўспамінала[2]:
…бацькаў партрэт Філіповіча: ён малады яшчэ, якім я яго памятаю ў пачатку дваццатых гадоў. <…> Напісаў яго з футравым каўняром — той насіў модную тады „бекешу“, такое як быццам паліто са зборкамі на спіне. |