Партрэт Грызельды Сапегі, прыёмнай дачкі Крыштафа Весялоўскага, работы невядомага гродзенскага мастака (1630-я г.) з’яўляецца прыкладам сармацкага партрэта.
Вырашаны ў халодных і цёплых тонах. Яны ўтвараюць гарманічную раўнавагу кампазіцыі, ператвараюць выяву ў каштоўны, нібыта ювелірны твор. Маладая жанчына паказана ў параднай зале з пышнымі заслонамі, багатым архітэктурным убраннем. Адной рукой яна абапіраецца на стол, накрыты абрусам з мудрагелістым арнаментам, у другой сціскае хустачку.
На Грызельдзе касцюм па іспанска-польскай модзе[1]. На ёй сукенка шэра-зеленаватага колеру з доўгімі вузкімі рукавамі, пашытая з серабрыстай шаўковай тканіны ва ўзор залацістых галінак і кветак. Шчыльны, падоўжаны спераду станік сукенкі з закругленым ніжнім краем спускаецца на спадніцу, якая глыбокімі складкамі ляжыць на невялікім звонападобным фартугале. З-пад спадніцы відаць наскі боцікаў. Шыю Грызельды закрывае вялікі каўнер-фрэза, абшыты белымі і чорнымі карункамі, і нітка жэмчугу. Зверху апранута цёмная, амаль чорная сукенка-плашчык з шырокімі рукавамі да локця, тканіна якой расшыта каштоўнымі камянямі. Чорная сукенка дапаўняе касцюм і надае фігуры выразны сілуэт. Агульны ўрачысты настрой завяршаюць аксесуары. На грудзях шнуры вялікіх жамчужын, якія сашчэплены брошкаю з устаўкамі каштоўных камянёў[1]. На скронях, у вушах, на пальцах жанчыны зіхацяць каштоўныя ўпрыгажэнні, падкрэсліваючы яе становішча.
Пры ўсім багацці пластычнай мовы жывапісец застаецца ў межах вызначаных умоўнасцей, якія набліжаюцца да мясцовых традыцый, іканапісу.
Грызельда паказана на партрэце ў адзенні замужняй жанчыны, гэта значыць, што партрэт мог быць створаны ў 1632, калі яна выйшла замуж, і да 10 красавіка 1633, калі яна памерла[2].
Вывезены 8-й экспедыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музея (1966) з Дабравешчанскага касцёла манастыра брыгітак у Гродне. Рэстаўраваны ў Дзяржаўным Рускім музеі ў 1966—70. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Мінск).