Пакалю́біцкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гомельскага раёна Гомельскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 г. вёска) Пакалюбічы.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года сельсавет у складзе Гомельскага раёна Гомельскай акругі БССР. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены, у яго склад увайшла тэрыторыя скасаванага Лапацінскага сельсавета. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Гомельскім раёне БССР. З 10 лютага 1931 года ў межах гарадской рысы горада Гомеля. З 27 ліпеня 1937 года ў складзе Гомельскага раёна, з 20 лютага 1938 года — Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Прудкоўскага сельсавета[1]. 7 кастрычніка 1957 года ў склад горада Гомеля ўключана вёска Прудок[2], 12 мая 1983 года — пасёлак Будзёнаўскі[3].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 5617 чалавек[4], з іх 93,9 % — беларусы, 4,4 % — рускія, 0,9 % — украінцы, 0,4 % — армяне[5].