wd wp Пошук:

Павел Русланавіч Мазько

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мазько.

Павел Русланавіч Мазько (нар. 21 кастрычніка 2002) — палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе па Брэсцкай справе.

Біяграфія

Да затрымання Павел займаўся дызайнам адзення, а таксама валанцёрскай дзейнасцю, падтрымліваў людзей з інваліднасцю і дзяцей у дзіцячых дамах.

Палітычны пераслед

Са студзеня 2021 Мазько знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыездзе па крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках») за падзеі ў жніўні 2020 года ў Брэсце, 23 сакавіка 2021 ён пайшоў на допыт, дзе быў затрыманы, мера стрымання была зменена на ўтрыманне пад вартай.

29 сакавіка 2021 года сумеснаю заяваю беларускіх праваабарончых арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт і Беларускі ПЭН-цэнтр, Мазько разам з іншымі быў прызнаны палітычным зняволеным. У заяве адзначаецца, што «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам»[1].

Судовы працэс над Мазько і іншымі затрыманымі пачаўся 28 ліпеня 2021 ў Ленінскім судзе Брэста, справу разглядаў суддзя Аляксандр Семянчук. На той момант па гэтай справе ўжо былі асуджаны чатыры партыі арыштаваных, агулам 46 чалавек атрымалі тэрмінаў на больш чым 170 гадоў абмежавання волі. Гэтым разам пачыналі судзіць 13 чалавек, але на працягу разгляду справы (амаль тры месяцы) да абвінавачанных далучылі яшчэ некалькі чалавек (некаторых мужчын перамясцілі з іншых партый праз хваробу, таксама ў гэты працэс уключылі затрыманых падчас перасячэння мяжы з Літвой Руслана Волкава і Глеба Раманава), у выніку іх агульная колькасць дасягнула 19 чалавек[2][3].

Падчас судовага працэса, 14 верасня 2021, сімвалічнай хроснай Паўла Мазько стала дэпутатка верхняй палаты парламента Ірландыі Кэтрын Ардаг(англ.) бел., якая з гэтай нагоды адзначыла: «Абуральна, што гэты малады чалавек, які вядомы сваім валанцёрствам у падтрымку людзей з інваліднасцю, трапіў у турму па палітычных матывах»[4][5]/.

19 кастрычніка 2021 дзяржабвінавачванне ў асобах пракурораў Фёдара Ляшка і Андрэя Манько агучыла свае патрабаванні па пакаранням для ўдзельнікаў працэсу, для Мазько пракуроры запыталі тры з паловай гады ва ўмовах агульнага рэжыму, што было найменьшым з запатрабаванных тэрмінаў для гэтай партыі падсудных (таксама тры з падовай гады пракуроры запатрабавалі для яшчэ сямі падсудных, але ўжо ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму)[6]. Менавіта гэты тэрмін і быў прызначаны Мазько суддзёю Семянчуком 8 лістапада, усе 19 палітвязняў, што праходзілі ў гэтай партыі, былі прызнаны вінаватымі[7].

Да суда Павел знаходзіўся пад вартай у СІЗА-7, дзе быў пастаўлены на ўлік, як «схільны да экстрэмізму», а 19 студзеня 2022 быў этапаваны ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацку.

Зноскі

  1. Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 20 новых палітвязняў (бел.)
  2. Список обвиняемых разросся до 19 человек за время суда. И еще судят за трубы. Кратко о новостях с суда над 5-й частью обвиняемых в брестских «беспорядках» (руск.)
  3. Да 5,5 гадоў калоніі: пракуроры запрасілі тэрміны для пятай часткі абвінавачаных па справе аб «масавых беспарадках» у Брэсце (бел.)
  4. «Уся мая салідарнасць і прызнанне з імі». У яшчэ 10 палітвязняў з’явіліся еўрапейскія «хросныя» (бел.)
  5. Members of Parliament from Finland, Ireland and Germany adopt political prisoners Yuliya Kashaverava, Pavel Mazko and Maryna Zolatava (англ.)
  6. Да 5,5 гадоў калоніі: пракуроры запрасілі тэрміны для пятай часткі абвінавачаных па справе аб «масавых беспарадках» у Брэсце (бел.)
  7. «Жыве Беларусь і будзе жыць вольнай». У Брэсце вынеслі прысуды пятай частцы абвінавачаных у «масавых беспарадках» (бел.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 2002 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»