У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Шчасная. Нінэ́ль Іва́наўна Шча́сная, ці часцей Нэ́лі Шча́сная (25 кастрычніка 1933, Полацк — 15 мая 2013, Мінск, Беларусь) — беларускі жывапісец і графік.
Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча (1955), затым Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна ў Ленінградзе (1961). Жыла ў Сярэдняй Азіі (Душанбэ), займалася архітэктурай. Да жывапісу і вітражоў вярнулася пасля пераезда ў Беларусь.
Удзельніца больш за 50 персанальных выставак у Беларусі і за мяжой. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.
Яе дачка Лада Шчасная таксама стала вядомым мастаком.
Працавала ў станковым жывапісе, кніжнай і станковай графіцы, манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін, партрэтаў сучаснікаў і гістарычных асоб, пейзажаў, нацюрмортаў, графічных твораў. Аформіла шэраг кніжных выданняў. Выканала размалёўкі на фасадзе НДІ будаўнічых матэрыялаў (1966), у рэстаране пры гасцініцы «Свіслач» (1978), вітражы ў ВА «Гарызонт» (1982) у Мінску.
Творчасці ўласцівы мяккасць і лірызм светаадчування, экспрэсіўная тэхніка, арыгінальнасць колеравых вырашэнняў.