Ні́на Ры́чы (італ.: Nina Ricci), народжаная Марыя-Адэлаіда Нэі (фр.: Maria Adélaide Nielli, 14 студзеня 1883, Турын, Італія — 30 лістапада 1970, Францыя) — французскі мадэльер італьянскага паходжання, заснавальніца дома высокай моды Nina Ricci.
Марыя-Адэлаіда Нэі нарадзілася ў Турыне ў 1883 годзе ў сям’і шаўца. Калі дзяўчынцы было пяць гадоў, сям’я пераехала ў Фларэнцыю, а ў 1895 годзе, калі ёй споўнілася дванаццаць — у Парыж. Бацька, які памёр у Монтэ-Карла, пакінуў сям’ю без грошай. З трынаццаці гадоў Адэлаіда разам з маці працавала ў галантарэйнай краме, тады ж яна пачала вучыцца краўцоўскаму майстэрству. Пачынаючы з дзяўчынкі «на пасылках» і затым малодшай мадысткі, да васямнаццаці гадоў яна стала старэйшай мадысткай, да дваццаці гадоў у яе ў падпарадкаванні ўжо былі свае вучаніцы і швачкі.
У 1904 годзе яна выйшла замуж за кветачніка Луіджы Рычы і ўзяла прозвішча мужа. У мужа і жонкі нарадзіўся сын Рабер, аднак шлюб быў нядоўгім — яна засталася з сынам адна, Ніна самастойна зарабляла на жыццё.
У 1908 годзе яна паступіла на працу ў дом моды «Рафэн», дзе прапрацавала на працягу 20 гадоў; праз нейкі час яна стала партнёрам па бізнесе і яе імя ўвайшло ў назву дома. Пасля смерці мадэльера ў 1929 годзе модны дом Raffin et Ricci быў зачынены і Ніна не збіралася працягваць справу. Аднак у пачатку 1930-х гадоў, на фоне фінансавага крызісу, яе сын Рабер вырашыў пакінуць сваю працу і ўгаварыў маці адкрыць уласнае атэлье. Дом Nina Ricci адкрыўся ў 1932 годзе ў 1-й акрузе Парыжа па адрасе вуліца Капуцынак, дом № 20.
Да гэтага часу пяцідзесяцігадовая Ніна Рычы ўжо зарабіла пэўную рэпутацыю. Ва ўласным доме моды яна нязменна прытрымлівалася рамантычнага, поўнага пяшчоты і жаноцкасці стылю — роўна пазбягаючы як яркіх эксперыментаў, так і стрыманага мінімалізму; яе сукенкі заўсёды заставаліся ў рамках прыстойнасці. Такі падыход карыстаўся попытам у прадстаўніц буйной буржуазіі, адзенне якіх павінна была дэманстраваць не столькі раскошу, колькі стрыманую элегантнасць. Ніна любіла ўзоры і далікатныя фарбы, лейтматывам яе работ былі кветкі — вышытыя, нашытыя ў выглядзе аплікацыі або прысутныя ў малюнку тканіны. У адрозненне ад шматлікіх іншых мадэльераў, яна ніколі не малявала эскізаў, але самастойна падколвала тканіны на манекене ці непасрэдна на манекеншчыцы.
Дом моды імкліва развіваўся: пачаўшы са штата ў сорак служачых, у 1939 годзе Ніна змагла наняць ужо чатырыста пяцьдзесят швачак. Неўзабаве атэлье займала адзінаццаць паверхаў у трох будынках, у тым ліку аддзел аксесуараў і вырабаў са скуры. У 1940 годзе Рабер засяродзіўся на бізнэсе маці, у 1945 годзе ён стаў дырэктарам кампаніі. У 1950-х гадах Ніна Рычы паступова адышла ад спраў, да 1959 года канчаткова выйшаўшы на пенсію.
Ніна Рычы памерла 29 лістапада 1970 года ва ўзросце 87 гадоў. Яе сын Рабер Рычы памёр у 1988 годзе, пасля чаго кампанію ўзначаліў член сям’і Жыль Фуш; у 1998 годзе яна была перапрададзена.