Нусдорфская плаціна і шлюз (ням.: Nußdorfer Wehr- und Schleusenanlage) — гідратэхнічнае збудаванне, плаціна і шлюз у прыгарадзе Вены — Нусдорфе, у месцы, дзе ад ракі Дунай адыходзіць яе натуральны рукаў — Дунайскі канал даўжынёй 17,3 км. Збудаванні былі створаны на падставе закона, выданага рэйхсратам 18 ліпеня 1892 года, які прадугледжваў фінансаванне будаўніцтва гарадской чыгуначнай дарогі — Венскага штадтбана, пераўтварэння Дунайскага канала ў гандлёвы порт і зімовую гавань, рэгуляванне ракі Вена і будаўніцтва калектарных каналаў уздоўж гэтых дзвюх рэк[1]. Да будаўніцтва плаціны і шлюза ў Нусдарфе Дунайскі канал да Першай сусветнай вайны быў абаронены ад плаваючага льда і ў значнай ступені таксама ад затаплення плаваючымі варотамі (даўжынёй 48,6 м, вышынёй 5,7 м і вагой 440 тон). Архітэктурны праект будаўніцтва плаціны і моста было даручана распрацаваць Ота Вагнеру, мастацкаму кіраўніку транспартнай камісіі. Ён спраектаваў над плацінай жалезны мост, увянчаны бронзавымі фігуламі львоў работы Рудольфа Вейра[2][3]. Будаўніцтва плаціны пачалося ў жніўні 1894 года. Каменны мур быў завершаны ў 1897 годзе, а ў жніўні 1898 года былі зманціраваны стальныя канструкцыі. Паводле планаў Ота Вагнера побач з Нусдорфскай плацінай і жалезным мостам над ёй таксама створаны будынак адміністрацыі[4]. Першае выпрабаванне плаціны адбылося падчас паводкі 1899 года, калі яна папярэдзіла затапленне часткі Вены паблізу ад Дунайскага канала. У 1899—1911 гадах праводзіліся работы па добраўпарадкаванні сцен канала і работы звязаныя з паглыбленнем дна канала. Пасля Другой сусветнай вайны былі зняты плавучыя вароты і ліквідаваны наступствы разбурэнняў, нанесеных падчас вайны. У 1964—1970 гадах аднаўляюцца шлюзы ў Нусдорфе. У 1971—1978 праводзіліся работы па аднаўленню рэчышча канала[5]. Дакладна невядома, чаму шлюз пабудаваны па праекту Ота Вагнера, перажыўшы другую сусветную вайну, быў перабудаваны ў перыяд паміж 1964—1966 гадамі. Верагодна, шлюз быў занадта маленькім для сучасных суднаў і яго тэхнічныя асаблівасці мелі патрэбу ў абнаўленні.
25 лістапада 1966 года было абвешчана, што гарадскі савет афіцыйна адкрыў цалкам механізаваны шлюз. Даўжыня шлюзавай камеры складае 85 метраў і 15 метраў ў шырыню, у той жа час, як канал мае шырыню 20 метраў.
У 2004—2005 гадах пад вадазлівам плаціны была пабудавана Нусдорфская электрастанцыя, але гэта не паўплывала на знешні выгляд плаціны. За год 12 яе турбін вырабляюць каля 28 110 000 кв/г электраэнэргіі, што забяспечвае патрэбы прыкладна 10 000 хатніх гаспадарак. Вясной 2017 года, для міграцыі рыбы было адчынена рыбапрапускное збудаванне даўжынёй 322 м, праз якое рыба можа пераадолець розніцу вышынь у 3,6 м.