Нур-Даўлет (крым. Nur Devlet, نور دولت ; ? — 1503) — крымскі хан у 1466—1467, 1467—1469, 1475—1476 г. Другі сын Хаджы-Гірэя.
Пасля смерці бацькі ў 1466 г. успадкаваў крымскі сталец, чаму запрацівіўся яго малодшы брат Менглі, які ў 1467 г. здолеў ненадоўга авалодаць стальцом. Вярнуўшыся ў тым жа годзе да ўлады, Нур-Даўлет паспрабаваў дамовіцца з ханам Залатой Арды, запытаўшы ў яго фармальнага пацверджання сваіх паўнамоцтваў як кіраўніка Крымскага ханства (што ішло насуперак з курсам Хаджы-Гірэя на незалежнасць ханства).
У самым пачатку 1469 г. быў адхілены ад улады Менглі-Гірэем, які абапіраўся на падтрымку знатных крымскіх родаў. У якасці ганаровага арыштанта паселены ў крэпасці Кафа. З 1471 г. жыў у крэпасці Салдайя.
Вызвалены з-пад арышту падчас узяцця Салдайя асманамі ў 1475 г. Зрабіў спробу вярнуць сталец, але з-за аднаўлення ў Крыме ўлады Залатой Арды быў змушаны пакінуць Крым і шукаць сховішча ў польскага караля, які пасяліў Нур-Даўлета ў Кіеве.
Увосень 1479 г. разам з братам Айдэрам пераехаў з Кіева ў Маскву, дзе атрымаў у кіраванне г. Касімаў. У якасці ваяводы дапамагаў маскоўскім войскам у ваенных кампаніях супраць Залатой Арды. Менглі-Гірэй хацеў вярнуць брата ў Крым, але перамовы з маскоўскім гаспадаром былі безвыніковымі.
Памёр у Касімаве ў 1503 г. У 1505 г. труна з прахам Нур-Даўлета па просьбе Менглі была перавезеная ў Крым.