wd wp Пошук:

Наступленне ў Эстрэмадуры

Наступленне ў Эстрэмадуры — баявыя дзеянні ў жніўні 1936 года ў правінцыі Эстрэмадура падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Кульмінацыяй падзей стала бітва пры Бадахосе, пасля перамогі ў якой войскі афрыканскай арміі нацыяналістаў пад камандаваннем Франсіска Франка рушылі ў паход на Мадрыд.

Планы і сілы бакоў

У жніўні 1936 года нацыяналістам з дапамогай нацысцкай Германіі і фашысцкай Італіі атрымалася перакінуць на паўвостраў тысячы салдат іспанскай афрыканскай арміі. Затым Франсіска Франка вырашыў рушыць наперад на поўнач і заняць Эстрэмадуру, каб злучыць дзве зоны, што ўтрымлівалі нацыяналісты, і пачаць прасоўванне да Мадрыду.

У нацыяналістаў у гэтым рэгіёне было 8000 чалавек, у асноўным легіянеры і мараканцы-рэгуларэс. Гэтыя сілы былі арганізаваны ў пяць матарызаваных калон прыкладна па 1500 чалавек у кожнай з падтрымкай адной або двух батарэй 75-мм гармат на чале з палкоўнікамі Карлас Асенсіа Кабанільяс, Франсіска Дэльгада Серана, Фернанда Барон і Хелі Раланда Тэла і маёрам Антоніа Кастэхонам. Гэтыя сілы прыкрывалі з паветра восем італьянскіх бамбавірдзіроўшчыкаў Savoia-Marchetti SM.81 Pipistrello, якімі кіравалі італьянскія пілоты, і дзевяць Junkers Ju 52 з нямецкімі пілотамі, а таксама знішчальнікі Fiat CR.32 і Heinkel He 51.

Рэспубліканская армія, якая супрацьстаяла нацыяналістам, у гэтым рэгіёне налічвала 13 000 апалчэнцаў і салдат. Большасць з іх былі апалчэнцамі-мілісіянас. Члены рэспубліканскай міліцыі не мелі ваеннай падрыхтоўкі і былі дрэнна ўзброены: на траіх прыходзілася толькі адна вінтоўка, а на 150—200 чалавек — адзін кулямёт. Апалчэнцы адмаўляліся капаць акопы, не ведалі, як падрыхтаваць абарончую пазіцыю, а бамбардзіроўкі з самалётаў выклікалі ў іх жах. Акрамя таго, у іх не было артылерыі і прафесійных штабных афіцэраў. Рэспубліканскай авіяцыі не хапала бензіну, запасных частак і навучаных пілотаў, а большасць самалётаў былі састарэлымі Breguet 14.

Ход аперацыі

2 жніўня сілы нацыяналістаў пакінулі Севілью і накіраваліся на поўнач у напрамку Мерыды і Бадахоса. Займаючы гарады і пасёлкі, мяцежнікі пакаралі смерцю сотні чалавек сярод прыхільнікаў рэспубліканцаў. Тысячы бежанцаў беглі ад нацыяналістаў на поўнач.

5 жніўня нацыяналісты разграмілі калону апалчэнцаў у Лос-Сантас-дэ-Маймона.

7 жніўня войскі мяцежнікаў занялі Зафру і дасягнулі горада Альмендралеха, дзе каля 100 мілісіянас забарыкадаваліся ў гарадской царкве і на працягу тыдня супраціўляліся абстрэлам. 14 жніўня сорак тых, хто выжыў здаліся і былі забіты нацыяналістамі.

10 жніўня нацыяналісты выйгралі баі пры Мерыдзе. Пасля гэтага генерал паўстанцаў Хуан Ягуэ павярнуў на захад і рушыў да горада Бадахос, і 14 жніўня пасля моцнай бамбардзіроўкі заняў яго. У выніку разні ў Бадахосе войскі Ягуэ забілі ад 500 да 4000 рэспубліканскіх салдат і грамадзянскіх асоб і разрабавалі горад. Многія бежанцы-рэспубліканцы спрабавалі бегчы праз партугальскую мяжу, але ўрад Партугаліі перадаў іх нацыяналістам, што пакаралі тых смерцю.

Вынікі

Пасля захопу Мерыды і Бадахоса мяцежнікі злучылі сваю Паўночную і Паўднёвую зоны. Акрамя таго, нацыяналісты ўзялі заходнюю палову правінцыі Бадахос, а рэспубліканскі ўрад страціў кантроль над партугальскай мяжой. Паўстанцы праводзілі жорсткія рэпрэсіі на заваяванай тэрыторыі. Ад 6 600 да 12 000 прыхільнікаў рэспубліканцаў былі пакараны смерцю нацыяналістамі (рэспубліканцы пакаралі смерцю 243 прыхільнікаў нацыяналістаў).

Пасля падзення Бадахоса Ягуэ павярнуў на ўсход і рушыў у бок Мадрыда. Ён нанёс паражэнне рэспубліканскім войскам у бітве пры Сьера-Гуадалупе, а 3 верасня ён заняў Талавера-дэ-ла-Рэйна пасля перамогі над рэспубліканскімі апалчэнцамі. Ягуэ прасунуўся на 500 км за чатыры тыдні, і дарога на Мадрыд была адкрыта.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Бітвы ў Іспаніі
Катэгорыя·Бітвы і аперацыі грамадзянскай вайны ў Іспаніі
Катэгорыя·Эстрэмадура
Катэгорыя·Жнівень 1936 года
Катэгорыя·1936 год у Іспаніі