wd wp Пошук:

Міхаіл Мікалаевіч Барышнікаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Барышнікаў.

Міхаіл Мікалаевіч Барышнікаў (нар. 27 студзеня 1948, Рыга) — савецкі і амерыканскі артыст балета, балетмайстар, акцёр, калекцыянер і фатограф, «невяртанец» у СССР, які застаўся ў Канадзе падчас гастроляў у 1974 годзе. Заслужаны артыст РСФСР (29 лістапада 1973 года), намінаваны на прэміі «Оскар» (1978) і «Залаты глобус».

Біяграфія

Нарадзіўся ў Рызе ў сям’і афіцэра Савецкай арміі. Ва ўзросце 12 гадоў страціў маці. Каля двух гадоў Міхаіл пражыў у сям’і свайго аднакласніка Андрыса Віціньша.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у Рыжскай сярэдняй школе № 22. Займацца балетам пачаў у Рыжскім харэаграфічным вучылішчы ў педагогаў Юрыса Капраліса і Валянціна Блінова. Вучыўся ў адным класе з Аляксандрам Гадуновым. Працягнуў навучанне ў Ленінградскім харэаграфічным вучылішчы ў класе Аляксандра Пушкіна (у яго ж раней вучыўся Рудольф Нурыеў).

Калі Міхаіла Барышнікава прынялі ў Ваганаўскае, першы, каму ён пра гэта паведаміў, быў яго настаўнік Юрыс Капраліс. Няпростае рашэнне аб пераездзе з Рыгі ў Ленінград азначала растанне са сваім першым настаўнікам, і гэта Міхаіла хвалявала да слёз. Але Капраліс паступіў мудра: ён даў дабро на гэты перавод, нават настаяў на ім, хоць адпусціць таленавітага вучня яму і было няпроста. У пазнейшых інтэрв’ю Капраліс казаў, што гэты момант стаў і для яго своеасаблівым іспытам: бо зараз яго трохгадовую працу з юным танцорам павінен быў ацаніць будучы настаўнік Міхаіла ў ваганаўскім вучылішчы А. І. Пушкін, і Аляксандр Іванавіч застаўся задаволены падрыхтоўкай свайго новага падапечнага. Ён нават прапанаваў Капралісу і надалей дасылаць яму таленавітых вучняў для далейшай шліфоўкі.

Міхаіл Барышнікаў навучаўся ў Юрыса Капраліса з трэцяга па пяты клас, да свайго пераводу ў Ленінград. Капраліс ставіў для яго і для Аляксандра Гадунова іх першыя танцавальныя нумары, у тым ліку і сумесныя, заклаў асновы яго тэхнічнай базы. Падтрымліваў добрыя адносіны з Капралісам на працягу ўсёй яго жыцця, а ў 1988 годзе яму ўдалося запрасіць яго ў Нью-Ёрк, дзе Капраліс пражыў цэлы месяц.

У 1967—1974 гадах быў вядучым салістам у Ленінградскім тэатры оперы і балета імя Кірава. Выконваў партыі Базіліа ў балеце Людвіга Мінкуса «Дон Кіхот», Дэзірэ ў «Спячай прыгажуні» Пятра Чайкоўскага, ролю Гамлета ў аднайменным балеце Н. Чэрвінскага і ролю Адама ў балеце «Стварэнне свету» (пастаноўка Н. Касаткінай і В. Васілёва).

У 1974 годзе, падчас гастроляў у складзе трупы Вялікага тэатра ў Канадзе, атрымаўшы запрашэнне ад свайго даўняга знаёмага Аляксандра Мінца ў трупу «Амерыканскага тэатра балета», становіцца невяртанцам.

У 1974—1978 гадах — прэм’ер трупы «Амерыканскі тэатр балета» (Нью-Ёрк), у 1980—1989 гадах быў таксама яе кіраўніком; аказаў істотны ўплыў на амерыканскую і сусветную харэаграфію. У 1978 годзе дэбютаваў у кіно, зняўшыся ў ролі зоркі балета ў фільме «Паваротны пункт»; быў намінаваны на прэмію «Оскар» за лепшую мужчынскую ролю другога плана (усяго фільм быў прадстаўлены ў адзінаццаці намінацыях, але не атрымаў ніводнай).

У 1985 годзе згуляў ролю танцоўшчыка, які ўцякае ад савецкай улады, у касавым фільме «Белыя ночы». У 1989 годзе дэбютаваў на Брадвеі, згуляўшы ў драматычным спектаклі «Ператварэнне» паводле аповесці Франца Кафкі. 21 снежня 2016 года звярнуўся з лістом у латвійскі парламент з просьбай стаць грамадзянінам Латвіі. У красавіку 2017 года сейм Латвіі аднагалосна прагаласаваў за прадастаўленне артысту латвійскага грамадзянства.

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #11866588X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 21 ліпеня 2015.
  2. Mikhall Baryshnikov // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #11866588X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 снежня 2014.
Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Артысты балета XX стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1948 годзе
Катэгорыя·Артысты балета ЗША
Катэгорыя·Артысты балета Марыінскага тэатра
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без подпісу
Катэгорыя·Артысты трупы Нью-Ёрк Сіці балет
Катэгорыя·Заслужаныя артысты РСФСР
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі «Эмі»
Катэгорыя·Выпускнікі акадэміі рускага балета імя А. Я. Ваганавай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Артысты балета паводле алфавіта
Катэгорыя·Члены Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук
Катэгорыя·Артысты Амерыканскага тэатра балета
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Артысты балета СССР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Рызе
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 студзеня
Катэгорыя·Лаўрэаты Імператарскай прэміі Японіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных