Міхаіл Андрэеевіч Блішч (7 лістапада 1917, Заспа, Рэчыцкі павет, Мінская губерня — 9 мая 1966, Мінск, Беларусь) — беларускі мастак тэатра, жывапісец.
З 1934 па 1938 год вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме у І. Ахрэмчыка, апасля у С. Нікалаева. З 1938 па 1956 гады працаваў мастаком Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, спачатку выканаўцам дэкарацый, потым пастаноўшчыкам.
Удзельнічаў у вайне супраць нацыстскай Германіі (1941—1945).
Сябра Саюза мастакоў БССР з 1949.
Працаваў у сцэнаграфіі, станковым жывапісу і графіцы. Выканаў афармленне оперных і балетных спектакляў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета: «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні (1949), «Алека» С. Рахманінава (1950), «Доктар Айбаліт» І. Марозава (1951), «Марынка» Р. Пукста (1956), «Жызель» А. Адана (1953), «Лаўрэнсія» А. Крэйна (1955). Аформіў драматычныя пастаноўкі «Пунсовая кветачка» І. Карнавухавай і Л. Браўсевіча (1952, тэатр Я. Купалы), «Гады вандраванняў» А. Арбузава (1954, Гомельскі абласны драматычны тэатр).
У станковым жывапісу напісаў пейзажы: «Купальскі вечар» (1960), «Саўгас „Аколіца“» (1961), «Дарога на Красную Паляну» (1962), «Стары Мінск» (сярэдзіна 1950-х), «Капры Салігорска» (пачатак 1960-х) і інш. Зрабіў насценную размалёўку «Дэман» (1958) у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.
Да станковой графікі дачыняюцца твор “Беларускі тэатр «Батлейка» (1959), эскізы дэкарацый спектакляў, эскізы касцюмаў для беларускіх танцавальных і харавых калектываў.
Браў удзел у мастацкіх выстаўках з 1939 г. Карціны Міхаіла Блішча неаднаразова экспанаваліся ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь[1][2]. Персанальныя выстаўкі адбыліся ў г. Мінску у 1969-м і 2017-м годзе[3]. Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў, музеях Расійскай Федэрацыі.