wd wp Пошук:

Мікола Жук

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Жук (значэнні). Мікола (Мікалай Андрэевіч) Жук (24 кастрычніка 1914, в. Паўстынь, Слуцкі павет — 14 кастрычніка 1995, в. Мерашыно, Слуцкі раён) — беларускі настаўнік, паэт, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Выдатнік народнай асветы БССР.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння пачатковай школы працаваў на торфараспрацоўках i на чыгунцы. Потым вучыўся ў школе калгаснай моладзі ў мястэчку Урэчча Слуцкага раёна (зараз гарадскі пасёлак Любанскага раёна Мінскай вобласці). У 1933 годзе скончыў настаўніцкія курсы пры гэтай школе i працаваў настаўнікам у Грэскім раёне Бабруйскай акругі.

У гэты перыяд М. Жук пачаў пісаць вершы. Некаторыя з іх дасылаў у Дом пісьменніка ў кабінет маладога аўтара, створанага для выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі. Вершамі М. Жука зацікавіўся паэт М. Хведаровіч, які працаваў тады загадчыкам кабінета і літкансультантам па паэзіі. Ён выклікаў М. Жука для размовы ў Мінск, з вялікай увагай аднёсся да яго вершаў, горача пераконваў юнака ў неабходнасці вучыцца. Пры садзейнічанні М. Хведаровіча М. Жук атрымаў ад Саюза пісьменнікаў БССР накіраванне на вучобу. Амаль да самай вайны М. Жук адчуваў бацькоўскі клопат М. Хведаровіча, які сачыў за яго творчым ростам, далучаў да літаратурнага жыцця, спрыяў апублікаванню твораў маладога паэта. М. Жук прысвяціў М. Хведаровічу верш«Светлы ўспамін». З 1935 года вучыўся на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, а праз два гады паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Апошні экзамен за інстытут здаваў ужо пасля вайны.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яго не паспелі мабілізаваць на фронт, таму ён вярнуўся ў родную вёску Мерашыно, што на Случчыне. Спачатку быў партызанскім сувязным, а потым ваяваў у атрадзе імя Р. І. Катоўскага партызанскай брыгады № 64 імя В. П. Чкалава, якая дыслацыравалася ў раёне вострава Зыслаў у Любанскім раёне Мінскай вобласці. За ўдзел у партызанскім руху мае дзяржаўныя ўзнaгaроды.

Пасля вызвалення Беларусі восенню 1944 года М. Жук пачаў працаваць настаўнікам у Вясейскай СШ, потым у в. Старцавічы (цяпер в. Знамя Слуцкага раёна Мінскай вобласці), а з 1959 года ва Урэцкай СШ № 1 Любанскага раёна. Выкладаў беларускую і рускую мову i літаратуру. З гэтага ж часу ён стала жыў у вёсцы Мерашыно Слуцкага раёна. Улюблёны ў прыгожае пісьменства, Мікалай Андрэевіч часта выходзіў за рамкі школьнай праграмы, цікава праводзіў факультатыўныя заняткі па літаратуры, развіваў творчыя здольнасці вучняў, выпрацоўваў у іх эстэтычны густ, уменне валодаць мастацкім словам, на прыкладзе літаратурных герояў абуджаў у сваіх выхаванцах патрыятычныя пачуцці.

Беларускі празаік, паэт i публіцыст, яго былы вучань Павел Місько ўспамінаў: «…Па ўсёй краіне раз’ехаліся тысячы яго вучняў, выхаванцаў (амаль паўвека педагагічнай работы!). І яны, яго духоўныя нашчадкі, панеслі з сабою любоў да роднай зямлі, яе мовы і звычаяў, і многія з іх таксама сталі настаўнікамі, каб сеяць разумнае, добрае, вечнае і клапаціцца, каб пасеянае ўзыходзіла-рунела, каб давала важкія каласы»» [1]. За педагагічную працу быў узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы БССР».

Літаратурная творчасць

Літаратурны дэбют М. Жука адбыўся ў 1935 годзе, калі ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны верш «Мінску». Студэнцкія гады (1935–1941), якія прайшлі ў Мінску, былі надзвычай плённымі ў творчым жыцці пачынаючага паэта. Асобныя яго вершы друкаваліся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», а ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» на працягу 1936–1939 гадоў быў апублікаваны цэлы цыкл яго вершаў. Поспех маладога паэта адзначала літаратурная крытыка. Прозвішча М. Жука згадаў даследчык Я. Казека ў артыкуле «Маладое пакаленне пісьменнікаў Беларусі» [2]. Такое прызнанне было сведчаннем несумненнага паэтычнага таленту юнака, але вайна бязлітасна перакрэсліла яго творчыя задумы, скіравала жыццё ў іншае рэчышча.

Аднак М. Жук не прыпыніў творчасць i ў час вайны. «Пісаць вершы супраць фашыстаў клікалі крывавыя падзеі кожнага дня. Усё напісанае трэба было добра хаваць: калі такое пападзе ў рукі фашыстаў, кулі ці вісельні не мінаваць… Вершы складваліся ў галаве і, не запісаныя на паперу, часта гінулі бясследна», — занатавана ў неапублікаваным аўтабіяграфічным творы М. Жука «Мая споведзь. Аб вершах і аб сабе»[3].

У літаратурным архіве М. Жука, які захоўвае яго дачка, доктар філалагічных навук, прафесaр Таццяна Дасаева, пад многімі вершамі таго часу ёсць паметкі: партызанскі атрад імя Катоўскага, блакіраваная зона, Салавуцк, Куценка, Азярное. Гэта тыя мясціны, дзе ваяваў Мікалай Андрэевіч. Так склалася, што пасля вайны М. Жук не змог здзейсніць сваю мару: жыць у Мінску, займацца літаратурай, стаць прафесійным пісьменнікам ці журналістам. Не дазволілі жыццёвыя абставіны. Ён прысвяціў сябе педагагічнай працы, але працягваў пісаць мастацкія творы. З другой палавіны 1940-х да сярэдзіны 1970-х гадоў яго вершы зрэдку з’яўляліся на старонках раённых і рэспубліканскіх перыядычных выданняў. З 1974 года пасля выхаду на пенсію М. Жук пачаў актыўна займацца творчай дзейнасцю і друкавацца ў раённай газеце «Будаўнік камунізму» (цяпер «Голас Любаншчыны»), адказным сакратаром якой быў І. Муравейка – франтавік, пісьменнік, аднадумца і сябар М. Жука.Іван Муравейка пра свайго сябра напісаў верш, які прагучаў на прэзентацыі кнігі «Ля падножжа маіх святынь» ва Урэцкай пасялковай бібліятэцы:

З канца 1980-х гадоў і да апошніх дзён жыцця М. Жука яго творы рэгулярна публікаваліся не толькі ў раённай газеце, але і ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях. Асабліва напружана М. Жук працаваў у 1990-я гады. Творчасць гэтага перыяду можна назваць «лебядзінай песняй» паэта. Вайна – адна з галоўных тэм у творчасці М. Жука, на якой ляжыць выразны адбітак жыццёвай біяграфіі аўтара. Ён ганарыўся, што быў удзельнікам партызанскага руху на Любаншчыне, што ў гады ваеннага ліхалецця «ў кагорце адважных і смелых» (верш «Усё пра вас») змагаўся супраць фашысцкіх захопнікаў. Творы М. Жука аб вайне – гэта рэквіем пакаленню герояў, што «Перамогай здзівілі ўвесь свет» (верш «Памяці майго пакалення»), летапіс партызанскай барацьбы, які засведчыў, што «не туман і не дым партызанская слава» (верш «Упэўненасць»), услаўленне гераізму народа, даніна памяці загінуўшым.

Але М. Жук пісаў не толькі пра вайну. Ён аўтар лірычных замалёвак, вершаў, паэм, эсэ, літаратурных партрэтаў, апавяданняў, аповесцей, літаратурна-крытычных артыкулаў, нарысаў, успамінаў. Аднак у сваёй творчай дзейнасці М. Жук усё ж такі аддаваў перавагу паэзіі, называў яе «верная мая спадарожніца». Ад радкоў яго вершаў вее дабрынёй, жаданнем сагрэць душэўнай цеплынёй тых, хто чытае яго творы. А вызначальным стрыжнем лірыкі застаецца каханне. Аб ім ён піша шчыра і ўзвышана. У паэзіі М. Жука высокая грамадзянскасць спалучаецца з тонкім лірызмам. Тэматыка вершаў разнастайная. У ёй прысутнічае светлы ўспамін пра дзяцінства, бацькоў, малую радзіму. Паэт звяртаўся таксама да тэмы творчасці, што прыносіла яму хвіліны найвышэйшага духоўнага ўздыму. У яго вершах паэтызуецца родная прырода, прысутнічае філасофскі роздум аб высокім прызначэнні чалавека на зямлі, адлюстроўваюцца балючыя праблемы рэчаіснасці, клопат пра далейшы лёс Беларусі і яе народа. Паэт пакінуў запавет нашчадкам: «Красу беражыце вы роднай зямлі // І край узбагачайце рупліваю працай».

Вершы Міколы Жука змяшчалі газеты «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Во славу Родины», «Народная газета», «Белорусская нива», «Мінская праўда», «Настаўніцкая газета», «Голас Любаншчыны», «Слуцкі край», часопіс «Полымя» i іншыя выданні.

У снежні 1995 года пабачыў свет першы паэтычны зборнік М. Жука «Ля падножжа маіх святынь», у якім змешчана 83 вершы, аб’яднаныя ў чатыры раздзелы: «Паклон маладосці», «Водгулле вялікай вайны», «Цяплом роднай зямлі», «Насустрач будучыні». У прадмове да зборніка пісьменнік Уладзімір Паўлаў напісаў, што Мікола Жук «…не стукаўся ў выдавецкія дзверы, не шукаў сабе спагадлівага і ўдумнага рэдактара» [4].Таму i першы паэтычны зборнік быў надрукаваны толькі ў 80 гадоў. На вялікі жаль, аўтар так і не патрымаў яго ў руках. Яму ўдалося пабачыць толькі вокладку кнігі.

У 2014 годзе ў серыі «Любаншчына літаратурная» была выдадзена кніга паэзіі М. Жука «Запаветнае», у якой змешчаны 89 вершаў і дзве паэмы, аб’яднаныя ў пяць раздзелаў: «Вытокі», «Трывожная памяць», «Душы ўзрушанай зарніцы», «Аб сваім жыцці», «Каб квітнела змена маладая»[5].

Узнагароды

Памяць

У 1993 годзе па сцэнарыю доктара філалагічных навук, акадэміка НАН Беларусі У. Гніламёдава , рэжысёр С. Лук’янчыкаў зняў дакументальную кінастужку «Светлацені», адным з герояў якой разам з паэтамі А. Звонакам і М. Сяднёвым з’яўляецца М. Жук.

На Беларускім радыё на працягу 1992–1994 гадоў прагучалі тры перадачы пра жыццё і творчасць М. Жука, падрыхтаваныя пісьменнікам У. Паўлавым, радыёжурналістам і паэтам В. Макарэвічам і Т. Дасаевай.

9 мая 1995 года ў рэпартажы, які вёўся з плошчы Перамогі ў горадзе Мінску ў час святкавання 50-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі прагучаў верш М. Жука «Вернасць»:

6 сакавіка 2008 года ў радыёэфіры канала «Культура» прагучала перадача «Дыялогі пра культуру», прысвечаная творчасці М. Жука (падрыхтаваў журналіст Д. Яканюк).

У 2014 годзе на Любаншчыне прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Міколы Жука. Актыўны ўдзел у іх падрыхтоўцы і правядзенні прынялі В. Каткавец, Т. Астрэйка, С. Баброўнік, Я. Ярохніна, Г. Корбут, С. Капачэня, І. Кольцына, Н. Жук і многія іншыя. На пачатку ліпеня ў гарадскім пасёлку Урэчча адбылося раённае свята паэзіі і песні «Я словам слаўлю родны край…». А ў лістападзе ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі ў Любанскай дзіцячай школе мастацтваў і Урэцкай СШ № 1.

22 снежня 1999 года ў Дзяржаўным музеі беларускай літаратуры адбыўся вечар памяці М. Жука, прэзентацыя яго кнігі «Ля падножжа маіх святынь» і адкрыццё выставы рукапісаў і публікацый паэта. Удзел у мерапрыемстве прынялі пісьменнікі А. Васілевіч, Н. Гілевіч, У. Паўлаў, П. Місько, журналісты Н. Чайка, Т. Падаляк, а таксама родныя паэта – дачка Таццяна, унук Андрэй, былыя вучні і землякі – Г. Корбут, Г. Сакава, В. Сакава, А. Дрозд і Л. Дзенісенка.

Тры вершы М. Жука пакладзены на музыку: «Краса твая», «Случчына» (музыка Наталлі Пахамовіч, 2008 г.), «Матулі» (музыка Івана Раманчука, 2014 г.).

Бібліяграфія

Зборнікі вершаў

Асобныя вершы

Літаратура

Зноскі

  1. ЖУК, Анатолий. Мікола Андрэевіч Жук // http://nasledie-sluck.by/ru/people/Literators/3047/
  2. Казека, Янка. “Маладое пакаленне пісьменнікаў Беларусі” «Полымя рэвалюцыі», 1938, № 10
  3. ЖУК, Анатоль. Мікола Андрэевіч Жук // http://nasledie-sluck.by/ru/people/Literators/3047/
  4. Паўлаў, Уладзімір. “Можа i завуся паэтам, што са светлым заўсёды дружу…” Прадмова ў кн.: Ля падножжа маіх святынь — Горкі: Аддзел культуры Горацкага райвыканкама. −1995. – С. 3.

  5. Запаветнае : Кніга паэзіі. – Любань: – Дзяржаўная ўстанова культуры «Любанская раённая цэнтральная бібліятэка». Аддзел бібліятэчнага маркетынгу. 2014. – 127 с.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «Партызану Айчыннай вайны»
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «За баявыя заслугі»
Катэгорыя·Памерлі ў Слуцкім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцкім павеце
Катэгорыя·Памерлі 14 кастрычніка
Катэгорыя·Выпускнікі рабочага факультэта БДУ
Катэгорыя·Нарадзіліся 24 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Партызаны Вялікай Айчыннай вайны
Катэгорыя·Памерлі ў 1995 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1914 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцкім раёне
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта