Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (4 красавіка 1893[1], Смаленшчына — 31 сакавіка 1969, Чыкага) — беларускі кампазітар, музыколаг, этнограф, паэт і дзеяч беларускага руху ў эміграцыі.
Скончыў Маскоўскую кансерваторыю. З 1936 жыў у Мінску, працаваў настаўнікам музыкі, быў адным з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжорам яго сімфанічнага аркестра, з 1939 быў дырыжорам сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычным рэдактарам Беларускага радыё. Падчас нямецкай акупацыі займаўся творчай працай у Мінску. У 1943 выдаў «Зборнік купальскіх і жніўных беларускіх песняў». З 1944 у эміграцыі ў Германіі, з 1950 — у ЗША (у Чыкага). У 1950 заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, потым кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну; быў аўтарам опер, сімфоній, вакальных твораў, апрацовак народных песень.
Пахаваны на могілках Святога Адальберта ў Найлсе[en], прыгарадзе Чыкага. Там жа пахаваная ягоная жонка[2].
Пасля смерці Міколы Куліковіча-Шчаглова ягоная жонка Надзея Градэ-Куліковіч сабрала ўсе паперы кампазітара і перадала іх у архіў Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане, дзе яны і захоўваюцца да сёння[3].
У першым шлюбе з Наталля Дзмітрыеўна Чамярысава (пасля ў шлюбе з Майсеевым), ад якой меў дачку Наталлю (Тюсю; 1928-1967)[3]. Наталля пабралася шлюбам з Уладзімірам Кушалем, сынам Францішка Кушаля і паэткі Наталлі Арсенневай. У шлюбе мела двух дзяцей, Пятра і Наталлю, якіх пасля яе смерці пасля цяжкай хваробы даглядалі свёкры[4]. У другім шлюбе са спявачкай Надзей Градэ-Куліковіч[3].