Мікалай Мікалаевіч Гэ (руск.: Никола́й Никола́евич Ге, 1831, Варонеж-1894) — рускі жывапісец.
Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850-57) у П. В. Басіна. У 1857-59 гадах працаваў у Рыме, у 1860-69 у Фларэнцыі. Жыў у Пецярбургу (з 1870) і на хутары ў Чарнігаўскай губерні (з 1876). У раннім перыядзе прасочваецца ўплыў К. П. Брулова і А. А. Іванава. У 1860-я гг. творчасць Гэ прасякнута евангельскімі матывамі («Тайная вячэра», 1863, Рускі музей; «Вестуны ўваскрасення», 1867, Траццякоўская галерэя). Вярнуўшыся з Італіі, Гэ збліжаецца з мастакамі-перасоўнікамі. Звяртаецца да гістарычнага жывапісу — карціна «Пётр I дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе» (1871 г., Траццякоўская галерэя). З пачатку 1880-х гг. Гэ вяртаецца да евангельскіх тэм: «Што такое праўда?», 1890, і «Галгофа», 1893, абедзве — у Траццякоўскай галерэі. Для партрэтаў пэндзлю Мікалая Гэ характэрныя немудрагелістасць і строгасць каляровых і кампазіцыйных рашэнняў, імкненне перадаць багацце і складанасць духоўнага жыцця чалавека (партрэты А. І. Герцэна, 1867, і Л. М. Талстога, 1884, — абодва ў Траццякоўскай галерэі).