wd wp Пошук:

Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Аляксандраў.

Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў (11 чэрвеня 1917, Бранск — 7 кастрычніка 1981, Мінск) — беларускі, савецкі хірург, арганізатар аховы здароўя, член-карэспандэнт АМН СССР[1], прафесар.

Старшыня Беларускага рэспубліканскага навуковага таварыства анколагаў, член праўленняў Усесаюзных навуковых таварыстваў анколагаў, рэнтгенолагаў і радыёлагаў, член навуковага савета па праблеме «Злаякасныя наваўтварэнні» пры прэзідыуме АМН СССР. Герой Сацыялістычнай Працы (1977)[1].

Біяграфія

Нарадзіўся 29 мая (11 чэрвеня) 1917 года ў горадзе Бранску ў сям’і настаўнікаў. Скончыўшы ў 1935 годзе сярэднюю школу ў горадзе Арле, па камсамольскім закліку паступіў у Ваенна-Медыцынскую Акадэмію (ВМА) імя С. М. Кірава ў горадзе Ленінградзе.

У Чырвонай Арміі з 1935 года. У гады вучобы ў ВМА ў якасці палкавога лекара прымаў удзел у аказанні першай медыцынскай дапамогі параненым падчас савецка-фінляндскай вайны 1939—1940 гадоў. За мужнасць і гераізм быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, які ўручыў яму ў Маскоўскім Крамлі «ўсесаюзны стараста» М. І. Калінін. Член ВКП(б)/КПСС з 1939 года.

Пасля заканчэння з адзнакай у 1940 ВМА[1], М. М. Аляксандраў быў пакінуты ў акадэміі ў якасці ад’юнкта кафедры факультэцкай хірургіі, якую ўзначальваў прафесарам У. М. Шамавым(руск.) бел..

У гады Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Аляксандраў знаходзіўся ў дзеючай арміі, у войсках Ленінградскага і 1-га Украінскага франтоў, прайшоўшы шлях ад хірурга і камандзіра 107-га медыка-санітарнага батальёна, дывізіённага лекара 56-й стралковай дывізіі, старэйшага спецыяліста хірургічнай групы ўзмацнення АРМУ 55-й арміі, старэйшага хірурга і начальніка хірургічнага палявога рухомага шпіталя, да начальніка Гарнізоннага шпіталя ў Аўстрыі (горад Вена).

За самаахвярную працу, якая выратавала жыцці многіх байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, М. М. Аляксандраў быў узнагароджаны другім Ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені і Чырвонай Зоркі.

У 1946 годзе вярнуўся на кафедру факультэцкай хірургіі ВМА, скончыўшы ў тым жа годзе ад’юнктуру, а затым працаваў старшым навуковым супрацоўнікам і выкладчыкам кафедры факультэцкай хірургіі ВМА.

У 1951 годзе М. М. Аляксандраў на працягу паўгода ва ўмовах ваенных дзеянняў у Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) кіраваў нейрахірургіяй, актыўна ўкараняючы ў практыку ўласна распрацаваны ім метад выкарыстання антыбіётыкаў пры раненнях галаўнога мозгу з мэтай прафілактыкі і лячэння ўскладненняў. Вывучэнне дадзенага метаду было паспяхова завершана ва ўмовах факультэцкай хірургіі ў ВМА імя С. М. Кірава, а атрыманыя вынікі абагульнены ў доктарскай дысертацыі (1954) і ў манаграфіі «Пеніцылінавая эпілепсія і выбар спосабу ўжывання антыбіётыкаў пры адкрытых пашкоджаннях чэрапа» (1966). За гэты перыяд М. М. Аляксандраў быў узнагароджаны трэцім Ордэнам Чырвонага Сцяга, другім ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Свабоды і незалежнасці КНДР.

У 1956 годзе М. М. Аляксандраў быў узнагароджаны чацвёртым ордэнам Чырвонага Сцяга. Пад яго кіраўніцтвам у 1955—1960 гадах было выканана і абаронена 7 кандыдацкіх дысертацый па пытаннях лячэння агнястрэльных раненняў у пашкоджаных іанізуючай радыяцыяй.

З 1960 года М. М. Аляксандраў, які праслужыў у войску 25 гадоў, пасля звальнення ў запас па стане здароўя, быў накіраваны Міністэрствам аховы здароўя СССР у сталіцу Беларусі горад Мінск, дзе ўзначаліў зноў створаны Навукова-даследчы інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя Беларускай ССР, адначасова ён быў абраны загадчыкам кафедры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў[1]. Пад кіраўніцтвам М. М. Аляксандрава пад Мінскам быў выбудаваны навуковы гарадок інстытута анкалогіі.

Будучы галоўным анколагам Міністэрства аховы здароўя БССР, М. М. Аляксандраў праводзіў вялікую працу па ўмацаванні і ўдасканаленні арганізацыі анкалагічнай службы ў рэспубліцы. У 1962 годзе яму было прысвоена званне прафесара. У 1974 годзе ён абраны членам-карэспандэнтам АМН СССР.

Сваім вопытам па арганізацыі анкалагічнай дапамогі ў Беларусі Мікалай Мікалаевіч дзяліўся на розных рэспубліканскіх медыцынскіх форумах, на пасяджэннях, якія праводзіліся з удзелам сацыялістычных краін, у перыяд камандзіровак у ЗША, ГДР, Аўстрыю, Швейцарыю, Нідэрланды. З 1974 года ён з’яўляўся экспертам СААЗ па пытаннях міжнароднай кааперацыі супрацьракавых даследаванняў. Гэты досвед працы знайшоў адлюстраванне ў манаграфіі 1980 года «Супрацьракавая барацьба ў краінах-членах СЭУ», у напісанні якой Мікалай Мікалаевіч прымаў удзел.

Выбітны навуковец жыў у горадзе-героі Мінску. Памёр 7 кастрычніка 1981 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках (участак № 26).

Сачыненні

Узнагароды

Памяць

Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў апублікаваў звыш 240 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій.

У 1984 годзе на фасадзе будынка галоўнага адміністрацыйнага корпуса інстытута, які М. М. Аляксандраў узначальваў больш за дваццаць гадоў, урачыста адкрыта мемарыяльная дошка, а ў 1997 годзе Навукова-даследчаму інстытуту анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь прысвоена імя яго заснавальніка і першага дырэктара Героя Сацыялістычнай Працы М. М. Аляксандрава.

У 2008 годзе імем М. М. Аляксандрава названая вуліца мікрараёна «Зялёны Бор» у пас. Лясны (Бараўлянскі сельсавет Мінскага раёна), населеным пункце, дзе і размешчаны НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, які ўзначальваў Аляксандравым.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.

Літаратура

Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. [Б. І. Сачанка](/Барыс_Іванавіч_Сачанка "Барыс Іванавіч Сачанка") (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: [БелЭн](/Беларуская_Энцыклапедыя_імя_Петруся_Броўкі "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі"), 1995. — С. 33. — 800 с. — 5 000 экз. — [ISBN 985-11-0026-9](/Special:BookSources/9851100269).

Спасылкі

Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў на сайце «Героі краіны»

Тэмы гэтай старонкі (28):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Бранску
Катэгорыя·Выкладчыкі Ваенна-медыцынскай акадэміі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Дактары навук
Катэгорыя·Члены КПСС
Катэгорыя·Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені
Катэгорыя·Нарадзіліся 11 чэрвеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Катэгорыя·Героі Сацыялістычнай Працы
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Чырвонага Сцяга
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі 7 кастрычніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1917 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
Катэгорыя·Хірургі Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
Катэгорыя·Постаці беларускай аховы здароўя
Катэгорыя·Памерлі ў 1981 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Ваенна-медыцынскай акадэміі
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Леніна
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедычны даведнік Беларусь (1995) без назвы артыкула