wd wp Пошук:

Мікалай Васілевіч Лагодзіч

Мікалай Васільевіч Лагодзіч (6 снежня 1928, вёска Радаўня Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці — 1 красавіка 2009, Пінск) — іншадумца, палітычны вязень у БССР, удзельнік дэмакратычнага руху ў часы «перабудовы» і ў незалежнай Беларусі.

Біяграфія

У 1948 быў прызваны на ваенную службу, служыў у Кіраўскай вобласці. Як адзначаў Лагодзіч, iснавала практыка дыскрымiнацыi прызыўнiкоў з заходнiх абласцей Беларусi, якiя жылi да 1939 у складзе польскай дзяржавы i ў 1940-х гадах не былі яшчэ да канца саветызаваныя. Тых, хто нарадзiўся ў Заходняй Беларусi, пасылалi служыць як мага далей ад Беларусi, давалi самую цяжкую i брудную працу, часта накiроўвалi на працу ў шахты i на лесапавал. Лагодзіч даслаў скаргу мiнiстру абароны СССР Аляксандру Васiлеўскаму з выкладаннем сітуацыi i папрасiў перавесцi яго для службы на тэрыторыю Беларусi. Ужо тады М. Лагодзіч адчуў на сабе цiск з-за сваiх поглядаў.

Пасля заканчэння ваеннай службы вярнуўся на радзiму, у 1956 годзе пасялiўся ў Пiнску. Працаваў на Пiнскiм фанерна-запалкавым камбінаце, адначасова завочна вучыўся ў тэхнiкуме. Роздумы над рэчаіснасцю ў БССР прыводзілі М. Лагодзіча да нязгоды з многімі яе праявамі. Тады Лагодзіч яшчэ верыў у магчымасць зменаў у СССР праз адкрытую дыскусiю, праз публiкацыi ў савецкай прэсе. «…Практычная дзейнасць камунiстычнага рэжыму, iнфармацыйная хлусня партыйнай прэсы, уся дыктатарская атмасфера, парушэннi Усеагульнай Дэкларацыi Правоў Чалавека падштурхнулi мяне нагадаць рэжыму пра гэта сваiмi артыкуламi. Я пачаў пiсаць»[1]. На пачатку 1960-х гадоў Лагодзіч накiроўваў свае артыкулы ў маскоўскiя газеты «Известия» i «Правда» (натуральна, артыкулы не публікавалі). Тады Лагодзіч выслаў яшчэ адзiн рукапiс у мінскi карпункт газеты «Правда». Гэты артыкул быў падпiсаны псеўданiмам Пiнчук Палескi.

КДБ пачаў шукаць аўтара. 29 студзеня (паводле іншых дадзеных — 31 студзеня) 1963 М. Лагодзіч быў арыштаваны i дастаўлены ў Брэсцкi абласны аддзел КДБ. Справу Лагодзіча вёў падпалкоўнiк Гаршкоў. Паводле дакументаў следства, Лагодзіч «выношваў пачуццё крыўды за рэпрэсію свайго бацькі — памагатага нямецкіх акупантаў» і з-за таго ў 1959—61 пісаў улёткі і лісты з заклікамі змагацца супраць камуністаў і савецкай улады, дасылаў іх у дзяржаўныя ўстановы Мінска і іншых гарадоў, раскідваў у грамадскіх месцах[2]. Асуджаны 11 красавіка 1963 Брэсцскiм абласным судом паводле часткі першай артыкула 67 Крымiнальнага кодэкса БССР («антысавецкая агiтацыя i прапаганда») на 3 гады пазбаўлення волi. Тэрмiн адбываў у Мардоўскiх лагерах.

Калі Мікалая Лагодзіча арыштавалі, яго жонка Марыя была ў радзільні. Свайго другога сына Вячаслава ён упершыню ўбачыў толькі праз тры гады. Пасля вызвалення Лагодзіч цярпеў ад дыскрымiнацыi, пастаянна сутыкаўся з праблемамi ў працаўладкаваннi. Яго ліставанне доўгi час было пад наглядам карных органаў. Рэабiлiтаваны Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь 29 траўня 1992[3]. У канцы 1980-х і ў 1990-я гады публікаваўся ў незалежнай прэсе, браў актыўны ўдзел у дэмакратычным руху — быў адным са стваральнікаў Беларускага дэмакратычнага аб’яднання «Ветэран» і кіраўніком яго пінскага аддзялення, сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi («Грамада»).

Копія ўліковай карткі палітычнага зняволенага Дубраўлага М. Лагодзіча захоўваецца ў фондзе 167 архіву навукова-даследчага і праваабарончага цэнтру «Мемарыял» (Масква).

Зноскі

  1. Лагодзіч М. Мае ўспамiны // Маю права! Бюлетэнь Пiнскага рэгiянальнага аддзялення Беларускага Хельсiнкскага Камiтэта. 1998, № 3.
  2. 58-10. Надзорные производства Прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Март 1953—1991. Аннотированный каталог / Под ред. В. А. Козлова и С. В. Мироненко; сост. О. В. Эдельман. Москва, 1999. С. 630.
  3. База данных «Жертвы политического террора в СССР».

Творы

Мае ўспаміны // Маю права! Бюлетэнь Пiнскага рэгiянальнага аддзялення Беларускага Хельсiнкскага Камiтэта. 1998, № 3.

Літаратура

Спасылкі

Аксак, Валянціна. Вянок памяці: Мікалай Лагодзіч. Радыё «Свабода». 1 красавіка 2009.

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Нарадзіліся 6 снежня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дысідэнты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1928 годзе
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя ў БССР
Катэгорыя·Палітвязні
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў Пінску
Катэгорыя·Памерлі ў 2009 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі 1 красавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Іванаўскім раёне