Мікалай Буляк (20 студзеня 1915, Варшава[1], Царства Польскае (цяпер — Польшча) — ?) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч.
Скончыў юрыдычны факультэт Універсітэт Стэфана Баторыя. Падчас Другой сусветнай вайны быў старшынёй акругі ў Навагрудку. 24 студзеня 1944 г. Р. Астроўскі запрасіў яго ў Беларускую цэнтральную раду (БЦР), але Буляк не змог пакінукць пасады ў Навагрудку.
З лета 1944 г. — у эміграцыі. З 1946 г. — у Вялікабрытаніі. Прымаў удзел у I з’ездзе Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) (18 — 19 студзеня 1947 г.) і быў абраны віцэ-старшынёй Галоўнай управы ЗБВБ. Быў адзіным неваенным удзельнікам з’езду[2]. У хуткім часе стаў на чале прыхільнікаў БЦР, з сакавіка 1948 г. узначаліў Часовую ўправу Хрысціянскага аб’яднання беларускіх работнікаў (ХАБР). Быў адным з заснавальнікаў часопісу «Аб’еднаньне», аднак неўзабаве моцна захварэў, паводле інфармацыі Ю. Весялкоўскага на манію пераследу[3], і адышоў ад грамадскай дзейнасці і пакінуў Лондан. Далейшы лёс невядомы.