У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Проніна.
Мары́я Гео́ргіеўна Про́ніна (24 лютага 1931 — 2008) — доктар юрыдычных навук, Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, прафесар кафедры савецкага права Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі[1].
Марыя Георгіеўна скончыла Мінскі юрыдычны інстытут у 1952 годзе. Працавала ў Міністэрстве Юстыцыі Беларускай ССР на пасадзе старшага кансультанта з 1953 па 1956 год[1].
Працавала старшым кансультантам аддзела органаў ЗАГС Міністэрства юстыцыі БССР (1956 год), а з 1960 года пераведзена на працу ў Вярхоўны Суд Беларускай ССР у якасці кансультанта па абагульненні судовай практыкі.[2]
З 1960 года залічана ў аспіранту аддзела прававых навук Акадэміі Навук Беларускай ССР. Працавала на пасадах малодшага навуковага супрацоўніка, а потым і старшага навуковага супрацоўніка гэтага ж аддзела з 1965 па 1984 год.
Была загадчыцай кафедры савецкага права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта народнай гаспадаркі з 1984 па 1994 год, з 1994 па 1996 прафесар той жа кафедры, а ўжо з 1996 працавала Генеральным саветнікам, начальнікам міжнародна-прававога і працэсуальна-прававога аддзелаў Эканамічнага суда СНД.
Абараніла кандыдацкую дысертацыю ў 1964 годзе ў Інстытуце дзяржавы і права АН СССР па тэме «Дагавор маёмаснага найму паміж сацыялістычнымі арганізацыямі». У 1981 годзе ўжо доктарскую дысертацыю на тэму «Забеспячэнне выканання норма абавязацельственнага права» ва Усесаюзным навукова-даследчым інстытуце савецкага заканадаўства[2].
Вяла педагагічную і навукова-даследчую работу ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным універсітэце, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Была членам савета па абароне доктарскіх дысертацый пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь. Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».