wd wp Пошук:

Марскія жалуды

Марскія жалуды[1] (Balanus) — самы распаўсюджаны і багаты відамі род у сямействе вусаногіх ракападобных. Марскія прымацаваныя арганізмы.

Апісанне

Цела гэтых рачкоў пакрыта вонкавым вапняковым шкілетам, які складаецца з асобных вапняковых пласцінак і падобна вонкава на жолуд​​. Пласцінкі ўтвараюцца як прадукт выдзялення бакавых (мантыйных) складак скурных покрываў. Па перыферыі размешчаны шэсць нерухомых пласцінак — дзве няпарныя (пярэдняя і задняя) і чатыры парныя. Яны ўтвараюць сценку ракавіны. Зверху знаходзяцца чатыры рухомыя пласцінкі, якія ўтвараюць вечка. Так фарміруецца складаная ракавіна, ці домік. Створкі вечка могуць раскрывацца і змыкацца дзякуючы мускулам, і з доміка час ад часу высоўваюцца вусікападобныя лоўчыя ногі, якія выконваюць характэрныя веерападобныя рухі, ствараючы ток вады.

Свабодна перамяшчаюцца толькі лічынкі, дарослыя асобіны вядуць прымацаваны спосаб жыцця, але часам пасяляюцца на рухомых аб’ектах. Марскія жалуды прымацоўваюцца да субстрату з дапамогай шырокай падэшвы. Яна фарміруецца з пярэдняй часткі галавы і антэнул рачка. Гэта звязана з тым, што рухомая лічынка перад метамарфозам прымацоўваецца да субстрату галаўным канцом з дапамогай размешчаных на антэнулах цэментных залоз. Такім чынам, дарослы рачок апынаецца ляжачым на дне ракавіны спінным бокам цела ўніз, а яго канцавіны накіраваны ўверх. Складка покрываў — мантыя, якая акружае цела, фарміруецца як выраст подэшвы.

Антэны ў марскіх жалудоў атрафіраваныя ў сувязі з прымацаваным спосабам жыцця. Задняя частка галавы рачка ўздутая, на ёй, на верхавіне невялікага хабатка, размешчана ротавая адтуліна. Будова ротавых частак спрошчаная, таму што яны не служаць для захопу ежы.

Грудны аддзел марскога жолуда нясе шэсць пар галінастых канцавін, размеры якіх павялічваюцца спераду назад. Яны падоўжаныя, пакрытыя доўгімі шчацінкамі з боку, звернутага да роту, і маюць выгляд «вусікаў».

Асаблівасці біялогіі

Ежай марскіх жалудоў з’яўляюцца планктонныя арганізмы — галоўным чынам, весланогія ракападобныя, а таксама водарасці і нават бактэрыі. Акрамя фільтрацыі дзякуючы руху грудных ножак адбываецца абнаўленне вады ў паражніне доміка, што неабходна для газаабмену і выдалення прадуктаў жыццядзейнасці. Дыханне ажыццяўляецца цераз покрывы. Рух крыві адбываецца за кошт скарачэння мускулаў.

Марскія жалуды маюць гермафрадытную палавую сістэму. Яйцаводы адкрываюцца ў аснове пярэдняй пары грудных ножак. Апладненне ўнутранае, перакрыжаванае.

Зноскі

  1. Напісанне Марскія жалуды ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.10. Мн., 2000, С.134

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы, дзе адсутнічае перанакіраванне з лацінскай назвы таксона
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вусаногія