wd wp Пошук:

Маладзечанская школа выцінанкі

Маладзечанская школа выцінанкі — гэта мастацкая і культуралагічная з’ява, звязаная з адраджэннем традыцыйнага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выразання з паперы. Свой пачатак гэта школа бярэ ў 80-х гадах ХХ стагоддзя. Заснавальніцай яе з’яўляецца Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава (1937—2014), мастак і педагог.

У 1987 годзе яна пачынае працаваць у Дзіцячай мастацкай школе горада Маладзечна настаўнікам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вікторыя Мікітаўна распрацоўвае рабочую праграму па выцінанцы для малодшых і старэйшых класаў мастацкай школы.  У 1992 годзе Маладзечанскі гарвыканкам дае дазвол на адкрыцце класа народнага мастацтва пры Дзіцячай мастацкай школе для выпускнікоў школ па спецыяльнасці: выцінанка, апрацоўка саломы, ільну, разьба па  дрэве.

У 1995 годзе на базе Маладзечанскага музычнага вучылішча адкрылася аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое ўзначаліла В. М. Чырвонцава. Выцінанка стала выкладацца як прадмет, а ў аснову навучання былі закладзеныя праграмы, распрацаваныя Вікторыяй Мікітаўнай Чырвонцавай. Праграмы вызначаюцца лагічнасцю, паслядоўным падыходам да навучання, сэнсавай напоўненасцю і павагай да гістарычнай спадчыны. У праграмы  ўвайшлі тэарэтычны і практычны курс. Разам з засваеннем тэхнічных прыёмаў, асноў кампазіцыі, тэорыі колеру, уведзена вывучэнне дысцыплін па традыцыйнай культуры беларусаў, знаёмства з міфалогіяй і сімволікай арнаментальных матываў.

У наш час толькі ў горадзе Маладзечна выцінанка выкладаецца як асобны прадмет у прафесійнай навучальнай установе  на адзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа імя Агінскага. І такі прыклад адзіны не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе.

Маладзечанская школа выцінанкі адметная выразнасцю кампазіцыі, майстэрскай стылізацыяй, якасцю тэхнікі выканання, лаканічнасцю вобразаў, выкарыстаннем традыцыйнай старажытнай сімволікі, прытрымліваннем правілу састаўлення ўзораў з выразак трох памераў (буйных, сярэдніх, дробных). Выкарыстоўваюцца спецыяльныя прыёмы выразання для стварэння тонавай плямы. Выцінанкі вылучаюцца высокай графічнай культурай, дызайнерскім падыходам. Майстры маладзечанскай школы абапіраюцца на набыткі культурнай нацыянальнай спадчыны, традыцыйныя беларускія арнаменты і сімвалы. Але ў той жа час кожны майстар школы мае сваю індывідуальную адметнасць і стылізацыю.

Былыя навучэнцы аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раз’язджаюцца па сваіх рэгіёнах і працягваюць традыцыі школы. Многія з іх працуюць настаўнікамі дзіцячых школ мастацтваў, метадыстамі раённых цэнтраў рамёстваў, метадычных цэнтраў народнай творчасці. Некаторыя, працягнуўшы навучанне ў мастацкіх ВУЗах краіны, выкарыстоўваюць вобразы выцінанкі ў сваіх работах па дызайну аддзення, інтэр’ера, паліграфіі, керамічных вырабаў.

Сёння ў горадзе Маладзечна працягваюць творчыя здабыткі Вікторыі Мікітаўны Чырвонцавай і з’яўляюцца асноўнымі носьбітамі традыцыі выкладчыкі аддзялення ДПМ «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага» Чырвонцава Л. Л., Чырвонцава Н. Л.,  Валковіч-Борыс Л. М., настаўнікі Дзіцячай мастацкай школы мастацтваў г. Маладзечна Ралавец А. А., Марчанкава Т. Э., Герасіменка К. Ю., Падкарытава С. І., народныя майстры РБ Бабурына В. В., Сухая Н. А., Каўрус Ю. В.

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы без спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Культура Маладзечна
Катэгорыя·Папяровае мастацтва